У Кіеве адрэагавалі на скаргі беларускіх памежнікаў



У Кіеве адрэагавалі на скаргі беларускіх памежнікаў пра правакацыі з украінскага боку мяжы.

Як заявіў спікер Дзяржаўнай памежнай службы Украіны Андрэй Дземчанка: „Хай яны ведаюць, што іх тут не чакаюць, а іх тут чакае менавіта тое, што адбываецца з расейскімі вайскоўцамі — смерць”.

Дземчанка параіў памятаць, што правакацыі адбыліся менавіта з беларускага боку, калі Расея пачала 24 лютага сваё ўварванне ва Украіну з тэрыторыі Беларусі: „Уласна, беларускія памежнікі павінны дакладна разумець, што яны ў першую чаргу падтрымліваюць Расею ў вайне супраць Украіны, і гэта яны 24 лютага адкрылі свае межы для аддзелаў расейскай арміі, якія знаходзіліся на тэрыторыі Беларусі, хоць перад тым яны ўсяляк запэўнівалі, што гэтага не дапусцяць”.

Спікер Дзяржаўнай памежнай службы Украіны дадаў, што і цяпер існуе імавернасць далучэння Беларусі да поўнамаштабнай вайны. Ён падкрэсліў, што ўкраінскія памежнікі ўзмоцнена ахоўваюць украінскі ўчастак мяжы з Беларуссю, а іх часткам дапамагаюць аддзелы тэрытарыяльнай абароны і Узброеных сіл Украіны.