У Кіеве кажуць, што Расея вывела не ўсе войскі з Беларусі
Міністр абароны Украіны Андрэй Таран заявіў, што Расея пасля супольных з Беларуссю вучэнняў “Захад-2021” вярнула ў месцы сталай дыслакацыі не ўсе свае вайсковыя фармаванні. Піша Радыё Свабода.
“Расейскі бок выкарыстаў актыўную фазу стратэгічных вучэнняў “Захад-2021” для дадатковага нарошчвання войскаў уздоўж нашай мяжы з Расеяй і Беларуссю. Вучэнні завяршыліся, але не ўсе вайсковыя фармаванні вярнуліся на месцы сталай дыслакацыі”, — цытуе прэсавая служба Міністэрства абароны Украіны тэмы, якія міністр абароны Андрэй Таран абмеркаваў на сустрэчы з канцлерам Міністэрства абароны Эстоніі — Кусці Салмам.
У той жа час, Андрэй Таран не ўдакладніў ні імаверную колькасць расейскіх вайскоўцаў, што засталіся ў Беларусі, ні іх месцы меркаванай дыслакацыі.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: прэс-служба Мінабароны Украіны