У Кіеве прайшоў новы марш „За імпічмент”



Лідар „Руху новых сіл” Міхаіл Саакашвілі ў каментары тэлеканалу NewsOne назваў штурм Кастрычніцкага палацу ў Кіеве правакацыяй.

Ён сказаў, што петарду ў час акцыі кінуў правакатар, якога актывісты руху адразу адвялі ў бок. Саакашвілі дадаў, што як толькі ён і яго прыхільнікі зразумелі, што ніхто з прадстаўнікоў адміністрацыі іх не чакае, а ў будынку праходзіць канцэрт, заклікаў людзей не штурмаваць Кастрычніцкі палац.  

Саакашвілі таксама заявіў, што бліжэйшым часам не будзе збіраць маршы пратэсту, а яго руху трэба добра падумаць, як унікнуць правакацый у далейшым.

У выніку сутыкненняў 17 снежня пад Кастрычніцкім палацам у цэнтры Кіева пацярпела 60 супрацоўнікаў Нацыянальнай гвардыі Ўкраіны. Пра гэта паведаміла у Facebook прэс-служба Нацгвардыі. Пасля медыцынскай дапамогі 45 нацгвардэйцаў працягвалі выконваць службовыя абавязкі, а 15 было шпіталізавана. У 13 шпіталізаваных дыягнаставалі атручванне газам, у аднаго – траўму твару і яшчэ ў аднаго – траўму галавы.

***

Бальшыня ўдзельнікаў „Маршу за імпічмент”, якія былі каля Кастрычніцкага палацу, вярнулася назад на Майдан. Пра гэта паведаміў карэспандэнт Цензор.НЕТ  з месца падзей. 

Паводле яго слоў, Міхаіл Саакашвілі заклікаў сваіх прыхільнікаў адыйсці ад Кастрычніцкага палацу і вярнуцца на Майдан, каб не ствараць небяспекі для людзей, у тым ліку дзяцей, якія былі ў сярэдзіне будынку на канцэрце. Тых, хто выломваў дзверы і пачынаў сутычкі з паліцыяй, Саакашвілі назваў правакатарамі.

Народны дэпутат Сямён Сяменчанка пра нейкі час таксама звярнуўся з заклікам пайсці на Майдан. Бальшыня людзей сышла туды. Каля будынку засталося толькі пару дзесяткаў пратэстоўцаў.

***

Экс-прэзідэнт Грузіі, лідар украінскай партыі „Рух новых сіл” Міхаіл Саакашвілі заявіў на маршы „За імпічмент” 17 снежня, што ён і яго прыхільнікі маюць намер арганізаваць каардынацыйны штаб у Міжнародным цэнтры культуры і мастацтва (Кастрычніцкім палацы) у Кіеве.

„Мы робім сімвалічныя пікеты пад Вярхоўнай Радай, мы заглянем у вочы кожнаму дэпутату, мы будзем рабіць закон пра імпічмент… Мы зараз ствараем штаб дзеянняў…Мы зараз адсюль ідзем у Кастрычніцкі палац і там будзе штаб нашай каардынацыйнай рады. Каб нас не ганялі па намётах па начах. Вы ж бачыце, што мы нікому нічога не перакрываем, бачыце, што мы нічога нікому не замінаем, бачыце, што ўсё гэта вельмі мірна”, – заявіў Саакашвілі.

Палітык дадаў, што ён і яго прыхільнікі не ідуць зараз займаць „Банкавую ці Вярхоўную Раду”.

Напомнім, што Саакашвілі затрымалі ў Кіеве 8 снежня. Палітыка завезлі ў Галоўнае ўпраўленне Службы бяспекі Украіны па Кіеве і Кіеўскай вобласці. Пасля Саакашвілі змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання. Затрыманы палітык заявіў, што яго арыштавалі па ілжывых абвінавачаннях і заклікаў выходзіць на мірныя нядзельныя акцыі „За імпічмент!”. Вельмі масавая мірная акцыя адбылася 10 снежня.  Пракуратура дзяржавы патрабавала для палітыка як меру стрымання хатні арышт з нашэннем электроннага бранзалета. Аднак 11 снежня Пячэрскі суд Кіева пастанавіў адхіліць хадайніцтва абвінавачвання і адпусціў Саакашвілі ў залі суду. Генеральная пракуратура Ўкраіны падала пасля гэтага апеляцыю на рашэнне суду першай інстанцыі.

На нядзельным мітынгу 17 снежня Саакашвілі назваў фэйкам інфармацыю пра тое, што ён нібыта пра ўсё дамовіўся з прэзідэнтам Украіны Пятром Парашэнкам.

На вулічную акцыю на гэты раз выйшла каля 2 тысяч чалавек. 

Цягам акцыі ля Кастрычніцкага палацу ў Кіеве некалькім байцам Нацыянальнай гвардыі стала кепска з-за дыму, іх завялі ў будынак, паведамілі ў этэры тэлеканалу ZIK.

У самым Кастрычніцкім палацы таксама ўтварылася дымовая заслона. Журналістка расказала, што прысутным там няма чым дыхаць і цяжка размаўляць. Нацгвардэйцам здзейснілі першую медыцынскую дапамогу, ім прамылі вочы вадой. Некаторым байцам выклікалі хуткую дапамогу. Хто пусціў газ і які менавіта, пакуль невядома.

Беларускае Радыё Рацыя

фота cenzor.net.ua