У Кіеве праходзіць саміт Украіна-ЕЗ



На саміце, які пачаўся ўчора, Еўразвяз прадстаўляюць прэзідэнт Еўрапейскага савета Дональд Туск і прэзідэнт Еўрапейскай камісіі Жан-Клод Юнкер:

– Як і чакалася, Украіна атрымае грошы на аднаўленне Данбасу і рэарганізацыю эканомікі, але ж паводле прадстаўнікоў ЕЗ, казаць пра прыняццё Украіны ў Еўразвяз пакуль заўчасна. Прычына – вельмі марудныя рэформы і высокі ўзровень карупцыі, якую новыя ўкраінскія ўлады так і не здолелі зліквідаваць, мяркуецца, што Украіна зможа падаць заяўку на членства ў Еўразвяз толькі праз пяць гадоў.

samit_kieu

У Кіеве стартуе саміт Украіна-ЕЗ. Гэта першая такая сустрэча пасля звяржэння рэжыму Віктара Януковіча, а таксама пасля таго, як 16 верасня Вярхоўная Рада Украіны і Еўрапейскі парламент сінхронна ратыфікавалі Пагадненне пра асацыяцыю Украіна-ЕЗ.

Перамовы, як чакаецца, будуць тычыцца перш за ўсё захавання Менскіх пагадненняў пра спыненне агню на ўсходзе Украіны. З падрабязнасцямі  Марцін Война:

– Сярод актуальных тэм рэалізацыя Дамовы пра асацыяцыю з Еўразвязам, а таксама эканамічныя рэформы ды фінансавая дапамога Украіне. Верагодна ўкраінскі прэзідэнт Пётр Парашэнка зноў прапануе адправіць на Данбас міжнародную рабочую групу. Пакуль пазіцыя лідараў Еўразвяза наконт міратворцаў даволі стрыманая. Паводле інфармацыі інфармацыйнага агенцтва France Presse, гэтая прапанова дэталёва вывучаецца, але ж ЕЗ пакуль не бачыць для яе ажыццяўлення.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя