У Кіеве пратэставалі прадстаўнікі ЛГБТ-руху
У Кіеве, каля будынка Вярхоўнай Рады, пратэставалі прадстаўнікі ЛГБТ-руху. Геі і лесбіянкі прыйшлі падтрымаць папраўку да Працоўнага кодэкса, скіраваную супраць дыскрымінацыі сексуальных меншасцяў пры прыёме на працу.
Больш падрабязна распавядзе наш украінскі карэспандэнт Марцін Война.
Антыдыскрымінацыйная папраўкі ў новы Працоўны кодэкс – адна з абавязковых умоваў Еўразвязу і для адмены віз украінцам, і для далейшай еўраінтэграцыі краіны. Але ж гэтыя папраўкі дэпутаты правалілі ў чарговы раз. Дзве фракцыі ўвогуле адмовіліся за іх галасаваць: “Самапомач” і “Народы фронт”. У выніку пад Вярхоўнай Радай сабралося каля 200 чалавек з весялковымі сцягамі і лозунгамі, якія заклікалі народных абранцаў пераглядзіць сваю пазіцыю.
Гэтым разам пратэсты геяў і лесбіянак прайшлі мірна і без правакацый, хаця такія і чакаліся з боку правых радыкалаў. Мяркуецца, што пратэсты ЛГБТ-руху будуць працягвацца, пакуль Вярхоўная Рада не прыме адпаведныя папраўкі ў заканадаўства.
Тым часам Юрый Луцэнка, які ўзначальвае ў Вярхоўнай Радзе парламенцкі Блок Пятра Парашэнкі, заклікаў прыняць папраўкі да заканадаўства. “Лепш гей-парад на Хрэшчаціку, чым расейскія танкі ў сталіцы”, – зазначыў ён.
Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя
Фота obozrevatel.com