У Кіеве заклікалі прызнаць савецкі перыяд акупацыяй
Дырэктар Украінскага інстутуту нацыянальнай памяці Уладзімір Вятровіч лічыць, што Украіне варта прызнаць акупацыяй перыяд знаходжання ў складзе СССР. Пра гэта ён заявіў 5 студзеня ў інтэрв’ю „5 каналу”.
„Гутарка ідзе пра савецкую акупацыю, пра ўсталяванне спярша бальшавіцкага, потым камуністычнага акупацыйнага рэжыму”, – сказаў Вятровіч.
Па яго словах, 2017 год можна лічыць „годам стагоддзя пачатку бальшавіцкай агрэсіі”.
Дырэктар Інстытуту нацыянальнай памяці падкрэсліў, што ўкраінскай уладзе патрэбна зрабіць „палітычныя і заканадаўчыя крокі, якія б прадстаўлялі спадчыннасць украінскай дзяржаўнасці ад 1917-1921 гадоў да сучаснай дзяржавы”.
„Відавочна, што патрэбныя заканадаўчыя ініцыятывы, якія б выразна зафіксавалі правапераемнасць цяперашняй Украінай традыцый Украінскай Народнай Рэспублікі”, – адзначыў Вятровіч. Ён дадаў, што гэтае пытанне патрэбна паставіць на разгляд Вярхоўнай Рады.
Украінскія тэрыторыі знаходзіліся ў складзе СССР з 1920-га па 1991 гады. У час летняга наступу Чырвонай Арміі ў 1920 годзе Украінская Народная Рэспубліка фактычна спыніла сваё існаванне. У 1992 годзе ўрад УНР у выгнанні абвесціў пра самароспуск і прызнанне Украіны пераемніцай УНР.
Беларускае Радыё Рацыя