У Кіеве затрыманы Міхаіл Саакашвілі (абноўлена)



Арыштаваны экс-прэзідэнт Грузіі і былы кіраўнік адміністрацыі Адэскай вобласці Украіны Міхаіл Саакашвілі заклікае сваіх прыхільнікаў на акцыю “За імпічмент”. Адпаведны зварот апублікаваны ў Фэйсбуку:

“Барыжныя ўлады мяне арыштавалі паводле ілжывых абвінавачванняў. Такім чынам яны хочуць запалохаць вас. Не бойцеся нічога, смела выходзьце на мірную нядзельную акцыю “За імпічмент!”. Разам абаронім Украіну ад карупцыі і бязладдзя”.

Саакашвілі абвясціў бестэрміновую галадоўку. 

Генеральная пракуратура Украіны (ГПУ) рыхтуе дакументы ў суд па абранні меры стрымання ў выглядзе хатняга арышту для затрыманага лідара „Руху новых сіл”. Пра гэта паведаміў у суботу прэс-сакратар ГПУ Андрэй Лысенка.

„Павінна быць выкананая працэдура падрыхтоўкі матэрыялаў у суд, таму зараз пракуроры пасля затрымання Саакашвілі рыхтуюць матэрыялы да суду”, – сказала ён у эфіры „112.Украина„.

Пасля падрыхтоўкі матэрыялаў, па словах Лысенкі, пракуроры перададуць іх у суд, які вызначыць дату і час паседжання аб абранні меры стрымання Саакашвілі.

* * *

Некалькі дзясяткаў прыхільнікаў затрыманага Міхаіла Саакашвілі перакрылі вуліцу каля ізалятара часовага ўтрымання ў Аскольдавым завулку Кіева, дзе ўтрымліваецца палітык, і праводзяць акцыю пратэсту, паведамляе strana.ua.

Людзі, якія сабраліся, паводзяць сябе мірна.

У раёне акцыі пратэсту таксама дзяжураць супрацоўнікі праваахоўных органаў, уздоўж вуліцы, якая прымыкае да СІЗА, з двух бакоў стаяць патрульныя машыны і аўтобусы з паліцыяй.

Уезд легкавога транспарту да ізалятара перакрыты, прапускаюць толькі грамадскі транспарт. На тэрыторыі самога СІЗА таксама знаходзяцца атрады паліцыі і хуткая дапамога.

* * * 

8 снежня ноччу ў Кіеве затрыманы Міхаіл Саакашвілі. Падчас затрымання ніхто не пацярпеў, – паведамілі ў прэс-службе Нацыянальнай паліцыі Украіны.

Генеральны пракурор Юрый Луцэнка заявіў, што былога прэзідэнта Грузіі змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання. Як паведамляе hromadske.ua, Саакашвілі абвясціў бестэрміновую галадоўку. У нядзелю ягоныя прыхільнікі плануюць правесці марш за імпічмент прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнкі.

Нагадаем, што Саакашвілі абвясцілі ў вышук пасля таго, як 5 снежня яму ўдалося пазбегнуць затрымання. У наступныя дні Саакашвілі знаходзіўся ў намётавым мястэчку каля Вярхоўнай Рады і выступаў перад прыхільнікамі.

Фота Reuters