У колькі абыходзяцца Расеі ДНР і ЛНР?
Самаабвешчаныя ДНР і ЛНР абыходзяцца бюджэту Расейскай Федэрацыі каля 79 мільёнаў еўра штомесяц. Гэтую лічбу называе нямецкае выданне “Bild”, якое правяло самастойнае расследаванне выдаткаў Крамля на падтрымку сепаратыстаў.
Больш падрабязна – наш украінскі карэспандэнт Марцін Война.
– Сур’ёзных крыніц для фармавання бюджэту няма ані ў ДНР, ані ў ЛНР. Абсталяванне большасці прадпрыемстваў у Данецку і ў Луганску ці разрабаванае баевікамі, ці вывезенае на тэрыторыю Расейскай Федэрацыі. Да таго ж, непрызнаныя рэспублікі абкладзеныя міжнароднымі санкцыямі, якія тычацца не толькі гандлю, але і ўсіх без выключэння банкаўскіх разлікаў.
У такіх умовах адзіным сродкам існавання становяцца фінансавыя ін’екцыі з Расеі. Паводле даследавання “Bild”, расейскія выдаткі падзяляюцца на тры катэгорыі. Зарплаты баевікоў складаюць ад 90 да 500 еўра штомесяц кожнаму. Бюджэтнікі абыходзяцца ад 30 да 50 еўра на асобу. Менш за ўсё атрымліваюць пенсіянеры – ад 20 да 40 еўра штомесяц.
Асобны пункт гэтых тратаў – боепрыпасы, узбраенне, вайсковая лагістыка і прапаганда, куды накіроўваецца ці не большасць расейскай фінансавая дапамогі.
Такім чынам, штогод непрызнаныя рэспублікі абыходзяцца Крамлю ў 950 мільёнаў еўра, што можна параўнаць з гадавым бюджэтам Арменіі ці Малдовы.
Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя
Фота dokaz.org.ua