У Крамлі лічаць малаверагодным „звышзбліжэнне” Беларусі і ЗША
У Крамлі лічаць малаверагодным «звышблізкае збліжэнне» Беларусі і ЗША, заявіў журналістам 3 лютага прэс-сакратар прэзідэнта Расеі Дзмітрый Пяскоў.
Як паведамляе РИА Новости, на пытанне, ці не асцерагаюцца ў Маскве звышблізкага збліжэння ЗША і Беларусі пасля візіту ў Менск дзяржсакратара ЗША Майкла Пампеа, Пяскоў адказаў: «Па сутнасці, там наўрад ці можна казаць пра звышблізкае збліжэнне». «Але ў гэтым выпадку мы не можам каментаваць і не жадаем каментаваць кантакты нашых партнёраў з трэцімі краінамі. Гэта абсалютна суверэннае права і рэалізацыя іх суверэнных адносін», – дадаў прэс-сакратар Пуціна.
Майкл Пампеа наведаў Менск 1 лютага. Гэта быў першы за апошнія 25 гадоў візіт у Беларусь дзяржсакратара ЗША. Пампеа сустрэўся з Аляксандрам Лукашэнкам і міністрам замежных спраў Уладзімірам Макеем. Ён заявіў, што амерыканскія вытворцы гатовыя забяспечыць Беларусь нафтай на 100% па канкурэнтных цэнах. Пампеа таксама пацвердзіў магчымасць прызначэння пасла ЗША ў Беларусі найбліжэйшым часам. Дзяржсакратар паведаміў, што Злучаныя Штаты Амерыкі будуць разглядаць, якія санкцыі супраць Беларусі можна зняць, але пакуль краіны ў сваіх адносінах «не дайшлі да гэтага пункта». Паводле яго слоў, адзіны варыянт для поўнага зняцця амерыканскіх санкцый – гэта прагрэс Беларусі ў пытаннях правоў чалавека, свабоды прэсы і ўзмацнення ролі грамадзянскай супольнасці.
Пасля афіцыйных перамоў дзяржсакратар ЗША правёў паўгадзінную сустрэчу з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці Беларусі і наведаў Парк высокіх тэхналогій, дзе азнаёміўся з перадавымі распрацоўкамі кампаній-рэзідэнтаў, якія працуюць на рынку Злучаных Штатаў.