У Крамлі разлічваюць на разуменне Беларуссю мер па закрыцці мяжы
Расея разлічвае на разуменне з боку Беларусі рашэння РФ аб закрыцці мяжы ў сувязі з распаўсюджаннем каронавіруса, заявіў журналістам 16 сакавіка прэс-сакратар расейскага прэзідэнта Дзмітрый Пяскоў.
«Расея прымае тыя меры, якія лічыць неабходнымі. Мы разлічваем на разуменне нашых партнёраў, тым больш нашага найбліжэйшага партнёра і саюзніка Беларусі, падчас пандэміі каронавіруса», – цытуе Пяскова ТАСС.
Прэс-сакратар адзначыў, што кожная суверэнная краіна мае права «прымаць тыя меры, якія лічыць неабходнымі для процідзеяння распаўсюджанню каронавіруса і для аховы здароўя грамадзян». Ён таксама падкрэсліў, што, «безумоўна, усе краіны павінны прымаць актыўныя меры па супрацьдзеянні распаўсюджанню гэтага захворвання».
Раніцай 16 сакавіка прэм’ер-міністр Расеі Міхаіл Мішусцін заявіў пра закрыццё расейска-беларускай мяжы для перамяшчэння людзей з-за каронавіруса. Аляксандр Лукашэнка гэтае рашэнне раскрытыкаваў. «Дзіўна, што ў расейскім урадзе ніхто не ведае, што ў Беларусі і Расеі мяжы няма, яна не дэлімітаваная і не дэмаркіяваная. У нас няма мяжы, таму закрываць няма чаго. Напэўна, яны ў сябе ўжо ўсталявалі гэтую мяжу. Гэта іх справа», – сказаў ён на сустрэчы з кіраўніком сваёй адміністрацыі Ігарам Сяргеенкам і дзяржсакратаром Савета бяспекі Андрэем Раўковым.
Паводле слоў Лукашэнкі, змагацца з такім захворваннем тэрытарыяльна немагчыма, трэба дзейнічаць прафесійна і кропкава.
Лукашэнка расказаў, што Расея прапаноўвала накіраваць у Беларусь 3 тысячы тэстаў на выяўленне каронавіруса.
«Мы проста разгубіліся: адкуль такая дабрыня з боку Расеі? То лыжку нафты не маглі падзяліць, а тут – калі ласка», – адзначыў ён. Выявілася, што ў Расеі заўважылі паспяховы вопыт беларускіх медыкаў на заходнім кірунку і вырашылі «праспансаваць», растлумачыў Лукашэнка. «Гэта значыць прызналі, што мы гэта робім правільна», – падкрэсліў ён.
«Таму Расейскай Федэрацыі трэба было ў гэтай сітуацыі не закрываць мяжу, а на нашай сумеснай мяжы Саюзнай дзяржавы пад Берасцем дапамагчы нам – і матэрыяльна, і людскімі рэсурсамі (у нас школа адна, і вірусолагі адны і тыя ж). Мы б прынялі гэтую дапамогу і там бы гэта кантралявалі», – дадаў Лукашэнка.