У Летуве дазволілі затрымліваць нелегальных мігрантаў на паўгода
Прэзыдэнт Летувы Гітанас Наўседа падпісаў папраўкі да закону аб прававым становішчы замежнікаў, ініцыяванага праз крызіс з нелегальнымі мігрантамі, піша Delfi.
Папраўкі скарачаюць тэрміны разгляду просьбы аб наданні прытулку да дзесяці дзён і пазбаўляюць просбітаў прытулку права абскардзіць рашэньне суду першай інстанцыі ў апэляцыйным парадку.
Знаходжанне на пунктах памежнага кантролю, у транзытных зонах і ў месцах часовага жытла не будзе лічыцца прыбыцьцём у Летуву. Для гэтага павінна быць прынята рашэнне ўпусціць просбіта на тэрыторыю краіны. Да прыняцця такога рашэння нелегальныя мігранты не змогуць вольна перасоўвацца па тэрыторыі краіны.
Просбіт прытулку таксама можа быць затрыманы на тэрмін да шасці месяцаў або абмежаваны ў праве пакідаць месца пасялення, калі ён прыбыў у выніку незаконнага перасячэння мяжы Летувы ва ўмовах ваеннага становішча, надзвычайнай сытуацыі, а таксама экстрэмальнай сытуацыі.
Беларускае Радыё Рацыя