У Літоўскім Сейме прайшла прэс-канферэнцыя з дэпутаткамі Рутай Мілюце і Лаймай Андрыкіене



У Літоўскім Сейме (Вільня) прайшла прэс-канферэнцыя з дэпутаткамі Рутай Мілюце і Лаймай Андрыкіене. Яны з’яўляюцца “хроснымі” зняволеных праваабаронцаў “Вясны” Марфы Рабковай і Леаніда Судаленкі (у межах кампаніі салідарнасці з беларускімі палітвязнямі #WeStandBYyou).

Кажа дэпутатка Лайма Андрыкіене:

– Леанід Судаленка – вядомы праваабаронца, і ён павінен быць на волі, таму што тыя абвінавачванні, якія былі высунутыя супраць яго,  – гэта фэйк. Я казала на прэс-канферэнцыі  пра тое, што  ўсе палітзняволеныя, якія прызнаныя ў Беларусі палітзняволенымі, павінны быць на свабодзе.

На фота злева направа: Павел Сапелка, Віціс Юрконіс, Лайма Андрыкіене, Рута Мілюце, Наталля Сацункевіч

Пра дзейсную сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі нагадалі ў межах прэс-канферэнцыі прадстаўнікі праваабарончага цэнтра “Вясна”. Юрыст арганізацыі Павел Сапелка адзначыў, што Беларусь паступова становіцца сусветным ізгоем:

– Мы адчуваем сябе зараз, напэўна, як адчувалі сябе нашы дзяды, калі да хат беларусаў прыязджалі “варанкі”, аўтазакі і забіралі з дамоў людзей. Зараз розніца толькі ў тым, што гэта больш сучасныя мадэлі аўтамабіляў, і што людзей, якія трапляюць у турмы, не расстрэльваюць, іх проста ўтрымліваюць у нечалавечых умовах. Пад забаронай аказаліся гістарычныя нацыянальныя сімвалы  – сцяг, герб.

Віціс Юрконіс, прадстаўнік праваабарончай арганізацыі Freedom House, у сваім выступе адзначыў, што Літва зрабіла многае для дапамогі Беларусі, але можна б было зрабіць яшчэ больш. Трэба радавацца кожнаму вызваленаму палітвязню, але не варта пападацца “на кручок”, як у 2015 годзе, “калі мы былі паблажлівыя да рэжыму”, адзначыў праваабаронца.

На фота: У прэс-канферэнцыі анлайн паўдзельнічала Аліна Стэфановіч, жонка Валянціна Стэфановіча

Ева Бардзілоўская, Беларускае Радыё Рацыя