У Літве прайшла міжнародная канферэнцыя з удзелам БХД
У Літве прайшла міжнародная канферэнцыя з удзелам прадстаўнікоў беларускіх хрысціянскіх дэмакратаў і іх нарвежскіх калегаў з Хрысціянскай Народнай Партыі Нарвегіі ”KRF”.
Як паведаміў адказны сакратар аргкамітэта па стварэнні БХД Дзяніс Садоўскі, галоўнай тэмай канферэнцыі была барацьба з алкагалізмам і спойваннем беларускага насельніцтва:
– Гэта быў летнік прысвечаны кампаніі „За сямейныя каштоўнасці”, у прыватнасці, антыалкагольнай кампаніі. Нашыя нарвежскія сябры падзяліліся вопытам барацьбы з алкагольнай залежнасцю ў Нарвегіі. Таксама мы правялі планаванне гэтай кампаніі на нацыянальным узроўні на жнівень-верасень. З Беларусі было 35 чалавек і 5 чалавек з Нарвегіі.
Паводле апошніх дадзеных міжнародных арганізацый аховы здароўя, Беларусь з’яўляецца самай п’ючай нацыяй у свеце. Кожны беларус выпівае ў сярэднім у год больш за 17 літраў чыстага спірту.
Беларускія ўлады лічаць гэтыя дадзеныя недакладнымі, паколькі вялікая колькасць алкаголю не выпіваецца, а вывозіцца на продаж за мяжу.
Кастусь Бандарук, Беларускае Радыё Рацыя