Гітанас Наўседа выйграў прэзідэнцкія выбары ў Літве (абноўлена)



Эканаміст, выкладчык Віленскай бізнес-школы Гітанас Наўседа, якому 19 мая споўнілася 55 гадоў, стаў пераможцам другога тура прэзідэнцкіх выбараў у Літве. 

               Фота: ria.ru

Падчас галасавання, якое адбылося 26 мая, беспартыйны кандыдат атрымаў 65,86% галасоў, яго суперніца — 44-гадовая экс-міністр фінансаў, кандыдат ад Саюза Айчыны — Літоўскіх хрысціянскіх дэмакратаў Інгрыда Шыманітэ — 32,86%. Несапраўднымі прызнаныя 1,28% бюлетэняў. Яўка выбаршчыкаў склала 53,44%, паведаміла Галоўная выбарчая камісія Літвы паводле вынікаў апрацоўкі ўсіх бюлетэняў. 

У Беларусі традыцыйна працавалі два ўчасткі для галасавання: у пасольстве Літвы ў Менску і генеральным консульстве ў Гародні. У сталіцы ў Наўседы 73,26% галасоў, у Шыманітэ — 26,74%, яўка — 89,58% (86 з 98 выбаршчыкаў, уключаных у спісы). У Гародні Наўседа набраў 50%, яго суперніца — 37,50% пры яўцы 72,73% (16 з 22). Два бюлетэні (12,50%) прызнаныя несапраўднымі, паведамляе БелаПАН.

* * * 

У Літве прайшоў другі тур прэзідэнцкіх выбараў. Эканаміст і экс-міністр фінансаў Інгрыда Шыманітэ змагалася за прэзідэнцкае крэсла з эканамістам і банкірам Гітанасам Наўседай. У першым туры абодва кандыдаты набралі каля 30% галасоў. Цяпер жа Наўседа выйграе, набраўшы 68% галасоў. Шыманітэ ўжо патэлефанавала Наўседзе і павіншавала яго з перамогай. Зрэшты, сам кандыдат пакуль кажа пра вынікі выбараў з асцярогай.

Гітанас Наўседа займае ўмераную пазіцыю ў адносінах да Беларусі. Адказваючы на ​​пытанне пра нашую краіну падчас перадвыбарчых дэбатаў, ён прыгадаў пра агульную гісторыю, якая злучае беларусаў і літоўцаў.

На думку Наўседы, запуск Астравецкай АЭС на мяжы з Літвой будзе спрыяць энергетычнай незалежнасці Беларусі ад Расеі. У гэтым палітык бачыць станоўчы бок праекта. Аднак будучы прэзідэнт Літвы збіраецца блакаваць беларускія пагадненні з Еўразвязам, пакуль праблема з БелАЭС „не будзе вырашана”. „Не бачу прычын, па якіх наша пазіцыя ў дачыненні да Астравецкай АЭС павінна цалкам разбурыць адносіны з Беларуссю”, – дадаў Наўседа.

26 траўня ў Літве праходзіць другі тур прэзідэнцкіх выбараў. За прэзідэнцкую пасаду змагаюцца: былы міністр фінансаў, кандыдат кансерватараў і дэпутат парламента Інгрыда Шыманітэ і эканаміст, незалежны кандыдат Гітанас Наўседа.

12 траўня прайшоў першы тур, на прэзідэнцкую пасаду прэтэндавалі дзевяць кандыдатаў.

У прэзідэнта Літвы больш паўнамоцтваў, чым у яго калег у Латвіі і Эстоніі. У Літве кіраўнік дзяржавы фармуе знешнюю палітыку нароўні з урадам, з’яўляецца галоўнакамандуючым войска, мае права заканадаўчай ініцыятывы і заканадаўчага вета. Дзейны прэзідэнт Даля Грыбаўскайтэ не балатавалася: яна ўжо прабыла на пасадзе два тэрміны і балатавацца яшчэ ёй не дазваляе Канстытуцыя.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота Беларускага Радыё Рацыя