У Літву прыбыла дапамога з шасці краін для ўладкавання быту мігрантаў



 У Літву паступіла гуманітарная дапамога з шасці краін для ўладкавання быту нелегальных мігрантаў, якія прыбываюць з Беларусі, вынікае з паведамлення МУС краіны.

24 ліпеня літоўцы атрымалі грузы з Чэхіі і Латвіі. Палаткі, ложкі, крэслы, матрацы, коўдры, генератары і іншыя прадметы першай неабходнасці ад партнёраў па ЕЗ былі дастаўленыя ў інтэрнат школы памежнай службы ў Мядзінінкаі. Плануецца, што ў жніўні там будзе створаны модульны катэджны гарадок для размяшчэння 900 мігрантаў з перспектывай яго пашырэння да 1.700 месцаў.

„Мы ўдзячныя партнёрам па Еўрапейскім саюзе, нашым суседзям, за салідарнасць і дапамогу ў той час, калі Літва сутыкаецца з беспрэцэдэнтным крызісам нелегальнай міграцыі, якая выкарыстоўваецца [беларускімі ўладамі] як інструмент націску не толькі на Літву, але і на ЕС у цэлым”, — цытуе міністра Агне Білатайце прэс-служба МУС.

Раней гуманітарная дапамога ў Літву прыбыла з Швецыі, Эстоніі, Польшчы і Харватыі. Чакаецца груз з Грэцыі.

З пачатку 2021 года літоўскія памежнікі затрымалі на мяжы з Беларуссю 2.470 нелегалаў — у 30,5 разу больш, чым за ўвесь 2020-ты. Больш за ўсё сярод іх грамадзян Ірака.

belapan.by

Фота: Reuters