У Літву прыбывае цяжкая тэхніка арміі ЗША



У межах аперацыі „Атлантычная рашучасць” цяжкая тэхніка ратацыйнай арміі ЗША 20—21 кастрычніка прыбывае на палігон каля горада Пабрадэ ў Швянчонскім раёне Літвы — прыкладна за дзесяць кіламетраў ад мяжы з Беларуссю.

Як паведамляе прэс-служба Міністэрства нацыянальнай абароны Літвы, на месца часовай дыслакацыі ўжо прыбылі 8 танкаў „Абрамс” і 21 баявая машына пяхоты „Брэдлі”. Тэхніка належыць 1-му танкаваму батальёну 9-га палка 1-й дывізіі арміі ЗША. Усяго ў Літву плануецца даставіць прыблізна 30 „Абрамсаў”, 25 „Брэдлі” і 70 колавых транспартных сродкаў.

У Міністэрстве нацабароны Літвы нагадалі, што на ратацыю таксама прыбывае больш за 500 амерыканскіх вайскоўцаў сухапутных войскаў ЗША. Частка з іх заехала ў краіну 14 кастрычніка.

Войскі і тэхніка арміі ЗША будуць у Літве да вясны 2020 года. Увесь гэты час яны будуць „супрацоўнічаць і трэніравацца з літоўскімі калегамі і іншымі саюзнікамі, абменьвацца вопытам пры ажыццяўленні механізацыі сухапутных войскаў Літвы”.

Падраздзяленні сухапутных войскаў ЗША на ратацыйнай аснове служаць на тэрыторыі краін Балтыі і Усходняй Еўропы з вясны 2014 года ў межах аперацыі „Атлантычная рашучасць”. Такім чынам ЗША дэманструюць саюзнікам па НАТА прыхільнасць „калектыўнай абароне і справе арганізацыі бяспекі пасля расійскай агрэсіі ва Украіне”.

Паводле інфармацыі абароннага ведамства Літвы, з пачатку аперацыі на тэрыторыі краіны было больш за дзесяць ратацый амерыканскіх ваенных падраздзяленняў.

belapan.by