У Лондане праходзіць юбілейная сустрэча НАТА (абноўлена)



Краіны-чальцы НАТА ўпершыню збіраюцца выпрацаваць сумесны падыход да выклікаў з боку Кітая.

Як сказаў генеральны сакратар альянсу Енс Столтэнберг, узмацненне Кітая адлюстроўваецца на пытаннях бяспекі ўдзельнікаў арганізацыі. У Кітая другі самы вялікі абаронны бюджэт.

Ён распараджае сучаснымі магчымасцямі, у тым ліку ракетамі, якія здольныя дасягаць Еўропы і ЗША. Кітай таксама дзейнічае ў Арктыцы і Афрыцы, даследуе інфраструктуру НАТА ў Еўропе і ў кіберпрасторы. Столтэнберг запэўніў, што НАТА не плануе ствараць новага суперніка, але збіраецца аналізаваць і падрыхтаваць збалансаваны адказ на выклік.

* * * 

Палітыкі, эксперты і журналісты дыскутуюць у Лондане пра будучыню Паўночнаатлантычнага альянсу. Дыскусія «NATO Engages» праходзіць у рамках саміту НАТА, які прысвечаны 70-й гадавіне існавання альянсу. Аднак, урачыстасці супадаюць у часе з вострай дыскусіяй паміж Злучанымі Штатамі, Францыяй і Турцыяй.

Гаворка і пра фінансаванне альянсу, і пра абвінавачанні французскага прэзідэнта ў бок еўрапейскіх краін у бяздзейнасці і празмерным даверы да сіл ЗША. Французскі прэзідэнт Эмануэль Макрон нядаўна заявіў, што альянс знаходзіцца ў стане «смерці мозга», паколькі Еўропа ўжо не можа разлічваць на ЗША. Паміж прэзідэнтамі Францыі і Турцыі адбылася слоўная спрэчка ў справе курдаў.

У часе дыскусіі генеральны сакратар НАТА Енс Столтэнберг пераконваў, што спрэчкі ў рамках альянсу існавалі заўсёды і яны не з’яўляюцца прыкметай слабасці групы.

Кіраўнік альянсу падкрэслівае, што краіны-чальцы ўсё больш інвестуюць у абарону. Але за некалькі дзён да саміту амерыканская адміністрацыя заявіла пра змяншэнне сваіх аплат на карысць НАТА.

Прэзідэнт Польшчы заклікаў краіны НАТА да адзінства. Анджэй Дуда з’яўляецца чарговым лідарам, які заклікаў адкласці на бок апошнія спрэчкі сярод саюзнікаў. Падчас дэбатаў у Лондане ён сказаў, што Польшча ганарыцца тым, што з’яўляецца часткай альянсу і заклікаў, каб палітыкі паказалі, што НАТА ўтварае адзінства:

– Мы б хацелі, каб НАТА было моцным і аб’яднаным. Мы б хацелі захаваць згуртаванасць альянсу. Найлепшым дасягненнем НАТА ў апошнія некалькі гадоў было вызначэнне прысутнасці на ўсходнім флангу.

Юбілейны саміт Паўночнаатлантычнага альянсу афіцыйна распачынаецца вечарам прыёмам у каралевы Елізаветы ІІ. Сваю першую сядзібу НАТА мела менавіта ў Лондане, таму юбілейнае спатканне праходзіць у брытанскай сталіцы.

polskieradio.pl

Фота nato.int