У Лукашэнкі – тыдзень з Пуціным (абноўлена)
Перамовы Аляксандра Лукашэнкі з Уладзімірам Пуціным у Сочы пройдуць перад пачаткам пленарнага пасяджэння ІІ Форуму рэгіёнаў Расеі і Беларусі. Пасля яны возьмуць удзел у форуме, а пасля яго заканчэння наведаюць расейска-беларускую прамысловую выставу.
Палітычны аглядальнік Валер Карбалевіч, каментуючы падарожжа Аляксандра Лукашэнкі ў Сочы, адзначае, што найважнейшая мэта сустрэчаў – атрымаць крэдыт.
– Першае – гэта крэдыт, які патрэбны Беларусі і які павінен выдаць Еўразійскі банк. Гэта і пытанне авіяцыйнай базы, якую Расея хоча размясціць. Пытанне падтрымкі Расеяй Лукашэнкі на выбарах і прызнанне гэтых выбараў. Я думаю, гэтыя праблемы ўвязаны ў пакет. Расея хоча, каб Беларусь пагадзілася на размяшчэнне расейскай базы. У адказ яна гатова прадаставіць і крэдыт, і маральную падтрымку на выбарах.
Сёння, паводле прэс-службы, Лукашэнка і Пуцін абмяркуюць актуальныя пытанні супрацы, рэалізацыю рашэнняў, прынятых на пасяджэнні Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы 3 сакавіка 2015 года, а таксама перспектывы паглыблення інтэграцыйнага ўзаемадзеяння ў межах Еўразійскага эканамічнага саюза.
* * *
Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін сустрэнуцца сам-насам і прымуць удзел у Форуме рэгіёнаў Расеі і Беларусі ў Сочы. II Расейска-беларускі форум рэгіёнаў адбудзецца ўжо сёння, 18 верасня.
Разам з іншымі кіраўнікамі краінаў АДКБ Пуцін і Лукашэнка прынялі ўдзел у саміце арганізацыі, які прайшоў у мінулы аўторак у Душанбэ. У той жа дзень – 15 верасня – кіраўнікі Расеі і Беларусі, а таксама Казахстана працягнулі нефармальныя зносіны ў Сочы. У сераду там прайшоў форум міжрэгіянальнай супрацы Расеі і Казахстана.
Перад пленарным пасяджэннем расейска-беларускага форуму ў пятніцу Пуцін і Лукашэнка правядуць асобную двухбаковую сустрэчу, якая стане ўжо сёмай у гэтым годзе, паведаміў «Інтэрфакс».
«Гэты кантакт будзе мець важнае значэнне з пункту гледжання падрыхтоўкі да прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, якія адбудуцца 11 кастрычніка», — заявіў раней памочнік кіраўніка Расеі Юры Ушакоў на брыфінгу ў Маскве.
Пасля асабістай сустрэчы Пуцін і Лукашэнка наведаюць пленарнае пасяджэнне форуму «Прамысловая палітыка Саюзнай дзяржавы: агульныя падыходы і рэгіянальныя аспекты» і наведаюць расейска-беларускую прамысловую выставу.
Паводле svaboda.org
Фота reuters