У Лукашэнкі ўсё больш прэтэнзій да свайго ўраду
Аляксандр Лукашэнка ўсё больш і больш прэтэнзій выстаўляе свайму ўраду. Гэта ўжо не толькі пошукі новых рынкаў і інвестыцый, але і канкрэтныя галіны народнай гаспадаркі. Але па-ранейшаму на першым месцы застаецца пошук эканамічных партнёраў.
„Такая праца не робіцца ў адначассе, якія б там не былі здольныя міністры”, – кажа эканамічны аглядальнік Аляксандр Сінкевіч:
Гэту працу трэба было рабіць на працягу дзясяцігоддзяў, пра гэта нават і казалася ўвесь час, што патрэбна шматвектарная пазіцыя – спрабавалі ўвайсці ў Венесуэлу, у Азію, але рэальнага прасоўвання не адбывалася. Зараз па сутнасці тая самая задача агучана, цуды здараюцца вядома, можа і вырашаць нешта.
Аляксандр Лукашэнка па-ранейшаму мае спадзяванні на супрацоўніцтва з Кітаем і нядаўна выказаў зацікаўленасць у прыходзе кітайскіх банкаў у Беларусь. Пра гэта кіраўнік Беларусі заявіў на сустрэчы з міністрам замежных спраў Кітайскай Народнай Рэспублікі Ван І.
А падчас сустрэчы з міністрам замежных спраў Ірака Ібрагімам аль-Джафары беларускі кіраўнік прапанаваў Іраку супрацоўніцтва ў гандлёва-эканамічнай і ваенна-тэхнічнай сферах.
Беларускае Радыё Рацыя