У Львове невядомыя аблілі фарбай беларускае консульства



У Львове невядомыя аблілі фарбай Ганаровае консульства Рэспублікі Беларусь. Пра гэта паведаміў у Facebook дэпутат Львоўскага гарсавета Ігар Зінкевіч, які апублікаваў фатаграфіі з месца інцыдэнту.

Паводле інфармацыі аддзела камунікацыі Нацыянальнай паліцыі Львоўскай вобласці, 21 чэрвеня ім паступіла паведамленне ад супрацоўніка дыпламатычнай установы, што невядомыя ноччу аблілі чорнай фарбай акно, дзверы і таблічку з назвай прадстаўніцтва.

На месцы працавала следча-аператыўная група. Узбуджана крымінальная справа па частцы 1 артыкула 296 Крымінальнага кодэкса Украіны (хуліганства). Максімальнае пакаранне, прадугледжанае дадзенай часткай артыкула, — да 5 гадоў абмежавання волі.

Матывы акцыі і яе выканаўцы на дадзены момант невядомыя.

belapan.by