У Маладэчне сустрэчу стваральнікаў партыі „Разам” з месцічамі перапыніла міліцыя
У Маладэчне (Менская вобласць) 8 красавіка сустрэчу прадстаўнікоў стваранай у Беларусі партыі „Разам” з мясцовымі жыхарамі перапыніла міліцыя.
Як паведаміла прэс-служба штаба экс-прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта Віктара Бабарыкі, валанцёры штаба Максім Баграцоў і Дзмітрый Падалінскі прыехалі ў Маладэчна на анансаваную раней сустрэчу з гараджанамі.
На знаёмства з прадстаўнікамі стваранай партыі прыйшло каля дзясятка мясцовых жыхароў. „Усё ж такі людзі сабраліся, і дзесьці на працягу гадзіны была магчымасць пагутарыць з валанцёрамі, паглядзець прэзентацыю”, — паведаміла прэс-служба.
Потым у памяшканне, дзе праходзіла сустрэча, прыйшлі супрацоўнікі міліцыі і папрасілі ўсіх яго пакінуць, спаслаўшыся на тое, што мерапрыемства не санкцыянавана.
Прадстаўнікі штаба паведамляюць, што ўсе далейшыя мерапрыемствы з жыхарамі Беларусі „будуць арганізоўвацца з улікам гэтага вопыту”. Наступная сустрэча запланаваная на 10 красавіка ў Наваполацку (Віцебская вобласць).
29 сакавіка пра стварэнне партыі „Разам” заявіў былы банкір і былы прэтэндэнт на прэзідэнцкую пасаду Віктар Бабарыка, які цяпер знаходзіцца пад следствам. За пяць дзён заяўкі на ўступленне ў створаную партыю падалі пяць тысяч чалавек.