У Малдове другі тур выбараў прэзідэнта (абноўлена)



Паводле дадзеных экзіпола Майя Санду лідзіруе, набіраючы 55% галасоў, у Дадона – 45%. Графы „супраць усіх” у малдоўскім выбарчым бюлетэні няма.

***

У Малдове 15 лістапада праходзіць другі тур выбараў прэзідэнта краіны. За пасаду змагаюцца прыхільнік „геапалітычнай раўнавагі” Ігар Дадон, якога заўсёды падтрымлівае Масква, і праеўрапейская Майя Санду. Зыход галасавання залежыць ад здольнасці мабілізаваць электарат ва ўмовах пандэміі.

Дадон – цяперашні прэзідэнт, нефармальны лідар сацыялістаў, Санду – старшыня правай праеўрапейскай партыі „Дзеянне і салідарнасць”(Partidul „Actiune si Solidaritate” – PAS), былая прэм’ер-міністр краіны.

У першым туры, які адбыўся 1 лістапада, Санду перамагла, набраўшы 36,16% галасоў супраць 32,61% у канкурэнта. У другім туры яна таксама можа перамагчы, але, на думку экспертаў, шмат залежыць ад мабілізацыі левага электарата.

Беларускае Радыё Рацыя