У Малдове забаранілі расейскія прапагандысцкія СМІ
Закон аб барацьбе з „расейскай прапагандай” з панядзелка ўступіў у сілу ў Малдове, паведаміў старшыня Каардынацыйнага савета па тэлебачанні і радыё (КСТР) Драгаш Вікол, перадае segodnya.ua.
Паводле яго слоў, тэлеканалы Малдовы павінны былі ў панядзелак спыніць вяшчанне праграм, якія падпадаюць пад новую забарону, а таксама падрыхтаваць справаздачы аб выкананні новых палажэнняў заканадаўства аб „барацьбе з расейскай прапагандай”.
Закон аб унясенні паправак у Кодэкс аб тэлебачанні і радыё быў у тэрміновым парадку прыняты парламентам адразу ў двух чытаннях 7 снежня 2017 года. Прэзідэнт Ігар Дадон адмовіўся прамульгіраваць закон, які быў паўторна прыняты парламентам 22 снежня 2017 года. Закон прамульгіраваў старшыня парламента Андрыян Канду, якому рашэннем Канстытуцыйнага суда было прадастаўлена такое права. Закон уступіў у сілу праз 30 дзён пасля публікацыі – 12 лютага.
Новы закон прадугледжвае забарону на рэтрансляцыю ў Малдове інфармацыйных, інфармацыйна-аналітычных, палітычных і ваенных перадач з краін, якія не ратыфікавалі Еўрапейскую канвенцыю аб трансгранічным тэлебачанні.