У МАП заклікалі ўлады Беларусі паважаць правы і свабоды працоўных
Камітэт экспертаў па прымяненні канвенцый і рэкамендацый Міжнароднай арганізацыі працы (МАП) настойліва заклікае ўрад Беларусі зрабіць захады для прадухілення парушэнняў правоў чалавека і забеспячэння поўнай павагі правоў і свабод працоўных. Пра гэта гаворыцца ў апублікаваным на сайце МАП дадатку да леташняй справаздачы камітэта экспертаў.
Пры ацэнцы выканання беларускімі ўладамі палажэнняў канвенцыі МАП № 87 „Аб свабодзе асацыяцый і абароне права на арганізацыю” камітэт экспертаў прыняў да ведама паведамленні Міжнароднай канфедэрацыі прафсаюзаў (МКП) і Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП) „аб надзвычайным узроўні гвалту падчас падаўлення мірных пратэстаў і забастовак, затрыманнях, турэмных зняволеннях і катаваннях працоўных пасля прэзідэнцкіх выбараў у жніўні 2020 года”, а таксама адказы ўрада на гэтыя сцвярджэнні.
Як адзначана ў дакуменце, улады Беларусі ў сваім адказе заявілі, што леташнія выбары прэзідэнта былі „самымі канкурэнтнымі і эмацыйнымі з пункту гледжання грамадскага ўспрымання і рэакцыі за ўсю гісторыю дзяржавы”. Паводле заявы ўрада, „пасля падліку галасоў палітычная напружанасць, якая падсілкоўвалася звонку, вылілася ў серыю пратэстаў і мерапрыемстваў, якія былі арганізаваныя і праведзены з парушэннем дзейнага заканадаўства і накіраваныя на дэстабілізацыю краіны”.
Улады паказалі, што акцыі пратэсту шэрагу грамадзян „насілі чыста палітычны характар, былі арганізаваныя без уліку заканадаўства аб парадку іх правядзення і не заўсёды былі мірнымі”. Яны лічаць, што прыцягненне такіх асоб да адказнасці за незаконныя дзеянні „не можа і не павінна разглядацца як пераслед рабочых і прафсаюзных дзеячаў за ажыццяўленне іх грамадзянскіх правоў і свабод, уключаючы права на ўдзел у санкцыянаваных мірных пратэстах і законных забастоўках”.
Разам з тым камітэт экспертаў звярнуў увагу на заяву вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека на міжсесійным пасяджэнні Савета па правах чалавека 4 снежня 2020 года аб тым, што, паводле маніторынгу і аналізу поствыбарных пратэстаў, удзельнікі акцый былі ў пераважнай большасці мірнымі.
„Камітэт выказвае глыбокую заклапочанасць з нагоды сцвярджэнняў МКП і БКДП, пагаршэння сітуацыі з правамі чалавека ў краіне, асабліва ў дачыненні да права на мірныя сходы, — гаворыцца ў дакуменце. — Камітэт нагадвае, што мірны ўдзел у забастоўках або дэманстрацыях не павінен прыводзіць да арышту або затрымання ўдзельнікаў. Ніхто не павінен пазбаўляцца волі або карацца за просты факт арганізацыі мірнай забастоўкі або пратэсту або ўдзелу ў іх”.
Камітэт экспертаў падкрэсліў, што свабода меркаванняў і іх выказвання, сходаў, абарона ад адвольных затрыманняў і права на справядлівы суд неабходныя для нармальнага ажыццяўлення правоў прафсаюзаў. У камітэце нагадалі аб рэкамендацыі гарантаваць службовым асобам прафсаюзаў „адэкватную абарону або імунітэт ад адміністрацыйнага затрымання пры выкананні імі сваіх абавязкаў або пры ажыццяўленні сваіх грамадзянскіх свабод”.
„Камітэт настойліва заклікае ўрад прыняць усе неабходныя меры для выканання гэтай рэкамендацыі, <…> прадухілення парушэнняў правоў чалавека і забеспячэння поўнай павагі правоў і свабод працоўных. Камітэт настойліва заклікае ўрад прыняць меры для вызвалення ўсіх прафсаюзных актывістаў, якія застаюцца пад вартай, і зняцця ўсіх абвінавачванняў, звязаных з удзелам у мірных пратэстах і страйках. Камітэт просіць урад даць копіі адпаведных судовых рашэнняў, якія пацвярджаюць утрыманне пад вартай і турэмнае зняволенне рабочых і прафсаюзных актывістаў, а таксама спіс пацярпелых асоб”, — гаворыцца ў дадатку да справаздачы.
Камітэт экспертаў шкадуе, што ўлады Беларусі не даюць ніякай інфармацыі пра выпадкі жорсткага абыходжання з рабочымі, якія ўдзельнічаюць у пратэстах, і нагадвае, што ўрад нясе адказнасць за забеспячэнне „асяроддзя, свабоднага ад гвалту, пагроз або націску ў дачыненні да рабочых, што мірна пратэстуюць”.
Ён настойліва заклікаў беларускія ўлады „неадкладна расследаваць любыя меркаваныя выпадкі запалохвання або фізічнага гвалту”, а таксама „знайсці і пакараць вінаватых, чым прадухіліць паўтарэнне падобных падзей”.
Акрамя таго, камітэт экспертаў настойліва заклікаў улады Беларусі „ўстрымлівацца ад праявы фаварытызму ў адносінах да прафсаюзу і неадкладна пакласці канец умяшанню ў стварэнне прафсаюзных арганізацый”, перагледзець існуючы парадак атрымання і выкарыстання замежнай бязвыплатнай дапамогі, змяніць празмерна ўскладнены парадак арганізацыі масавых мерапрыемстваў.
Таксама камітэт папрасіў беларускія ўлады адкарэктаваць Працоўны кодэкс такім чынам, каб „забяспечыць работнікам магчымасць рэалізаваць сваё права на страйк, накіраваны не толькі на паляпшэнне ўмоў працы або дасягненне калектыўных патрабаванняў прафесійнага характару, але і на пошук рашэнняў пытанняў эканамічнай і сацыяльнай палітыкі”.