У Марыўпальскім тэатры пад бамбёжкай загінулі каля 300 чалавек
У Марыўпальскім драмтэатры ў выніку бамбёжкі загінулі каля 300 чалавек. Пра гэта ў сцсетках паведаміла прэс-служба гарадской рады.
„Да апошняга хочацца верыць, што ўсім удалося выратавацца. Але словы тых, хто быў унутры будынка ў момант гэтага тэрарыстычнага акту кажуць пра адваротнае”, — кажуць у Марыўпальскай радзе.
16 сакавіка на тэатр, дзе хаваліся некалькі соцен чалавек (пераважна жанчыны і дзеці) была скінутая магутная авіябомба. Людзі апынуліся пад заваламі ў бамбасховішчы. Пазней стала вядома, што на зямлі каля тэатра быў зроблены вялікі надпіс па-расейску „Дзеці”, каб перасцерагчы нападнікаў.
„Драматычны тэатр цынічна знішчылі веснікі „расейскага свету”. Гэтых фашыстаў 21-га стагоддзя не спыніў ні велізарны надпіс „Дзеці”, ні заявы саміх людзей, што там толькі мірныя — жанчыны, дзеці, старыя. Акупант ведаў куды б’е. Ведаў, якія могуць быць наступствы, і ўсё адно бомбы ўпалі на месца, якое стала сховішчам для соцен марыўпальцаў”, — гаворыцца ў паведамленні.
Вялікая частка марыўпальцаў, якія апынуліся пад заваламі, выжыла і была выратаваная.