У Маскве прайшлі перамовы прэм’ер-міністраў Расеі і Беларусі
Як гаворыцца ў афіцыйных паведамленнях, Міхаіл Мішусцін і Раман Галоўчанка абмеркавалі пытанні супрацьдзеяння каронавіруснай інфекцыі і падзяліліся думкамі «па актуальных напрамках расейска-беларускага гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва». Асобным пунктам значылася «паглыбленне інтэграцыі ў рамках саюзнай дзяржавы».
«Беларусь і Расея маюць усе перадумовы для пераадолення ў 2021 годзе спаду ва ўзаемным гандлі, выкліканага наступствамі пандэміі. Нягледзячы на знешні шок, нам удалося захаваць ключавыя параметры ўзаемнага тавараабароту», — адзначыў Раман Галоўчанка.
Паводле ягоных падлікаў, праз пандэмію ў 2020 годзе аб’ём беларуска-расейскага гандлю «прасеў» прыкладна на 20%. Аднак агульную сітуацыю ён назваў «кіраванай», кажучы пра рэзервы ў прамысловасці, сельскай гаспадарцы і будаўніцтве.
Ягоны аптымізм падтрымаў і Міхаіл Мішусцін, які заявіў, што пандэмія каронавірусу «нязначна паўплывала на гандлёва-эканамічныя адносіны дзвюх краін», таму аднавіць гандаль будзе нескладана.
Адным з прыкладаў рэагавання на знешнія выклікі бакі назвалі стварэнне на беларускай тэрыторыі сумеснай вытворчасці расейскай вакцыны ад каронавірусу, спасылаецца ТАСС на Міхаіла Мішусціна.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: sputnik.by