У Маскве праходзяць беларуска-расейскія перамовы



Беларуская ўрадавая дэлегацыя на чале з віцэ-прэм’ерам Уладзімірам Сямашкам праводзіць 7 красавіка перамовы ў Маскве. Перамовы тычацца „фармалізацыі дамоўленасцяў, дасягнутых прэзідэнтамі Беларусі і Расеі ў Санкт-Пецярбургу”, паведаміў БелаПАН прэс-сакратар прэм’ер-міністра Беларусі Уладзіслаў Сычэвіч.

Сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна адбылася ў Санкт-Пецярбургу 3 красавіка. Па яе выніках было заяўлена, што паміж краінамі не засталося нявырашаных пытанняў. У прыватнасці, Пуцін паведаміў, што Расея і Беларусь на працягу 10 дзён урэгулююць пытанні ў нафтагазавай сферы. Паводле слоў Лукашэнкі, Расея ў гэтым годзе рэфінансуе даўгавыя абавязацельствы Беларусі.

Першы віцэ-прэм’ер Беларусі Васіль Мацюшэўскі 4 красавіка патлумачыў журналістам, што Расея цалкам рэфінансуе ўсе даўгавыя абавязацельствы Беларусі ў памеры 750-800 млн долараў. „Гаворка ішла аб рэфінансаванні тых даўгоў, якія ў нас сфармаваліся ў межах нашага двухбаковага парадку дня. Гэтае пытанне разглядалася яшчэ летась, і цяпер мы вярнуліся да яго і знайшлі магчымае прынцыповае вырашэнне”, — удакладніў ён.

У эфіры тэлеканала „Беларусь 1” увечары 4 красавіка было сказана, што пастаўкі расейскай нафты ў Беларусь адновяцца ў ранейшых аб’ёмах не пазней за 13 красавіка. Пры гэтым новае пагадненне аб нафце будзе дзейнічаць да 2024 года ўключна. Акрамя таго, з Беларусі знятае абавязацельства пастаўляць у Расею 1 млн тон нафтапрадуктаў штогод, паведаміў Сямашка.

У сваю чаргу віцэ-прэм’ер РФ Аркадзь Дварковіч 5 красавіка паведаміў, што пастаўкі расейскай нафты ў Беларусь павялічацца толькі ў тым выпадку, калі Менск даплаціць за пастаўлены газ. „Калі мы атрымаем плацеж за газ за мінулы перыяд, тады так, могуць пачацца. Але толькі ў гэтым выпадку”, — сказаў ён, адказваючы на пытанне пра магчымасць аднаўлення аб’ёмаў паставак нафты ў Беларусь 13 красавіка.