У Маскве праходзяць перамовы па цане на расейскі газ для Беларусі



6 кастрычніка ў Маскве пачаліся перамовы па цане на расейскі газ для Беларусі.

Звычайна ў перамовах удзельнічае віцэ-прэм’ер Уладзімір Сямашка. Аднак цяпер ён знаходзіцца ў Пакістане ў складзе беларускай дэлегацыі на чале з Аляксандрам Лукашэнкам. Паводле звестак з розных крыніц, перамовы з беларускага боку вядзе міністр энергетыкі Уладзімір Патупчык. Інфармацыю пра тое, што міністр знаходзіцца ў Маскве, пацвердзілі ў Міністэрстве энергетыкі.

Н, 1 кастрычніка віцэ-прэм’ер РФ Аркадзь Дварковіч на форуме «Сочы-2016» паведаміў журналістам, што ў пачатку гэтага тыдня пачнуцца перамовы з Беларуссю па цане на расійскі газ, а таксама пра тое, што пра скідку гаворкі не ідзе.

«Ідзе пошук прымальнага рашэння. Пра скідку гаворкі не ідзе», — сказаў ён.

Тым часам 30 верасня ў эфіры радыёстанцыі «Рэха Масквы» міністр энергетыкі РФ Аляксандр Новак заявіў, што:

Доўг Беларусі за пастаўкі расійскага газу складае 270—300 млн долараў.

Газавая спрэчка паміж Беларуссю і Расеяй доўжыцца з пачатку 2016 года. Менск настойвае на зніжэнні кошту расейскага газу, Расея з гэтым не згодная і абвінавачвае беларускі бок у парушэнні кантракта. Для стымулявання пагашэння доўгу Масква ў трэцім квартале скараціла пастаўкі нафты на беларускія НПЗ. У чэрвені Аркадзь Дварковіч заявіў, што да скарачэння паставак прывяла недаплата беларускага боку за пастаўлены прыродны газ.

11 верасня на выбарчым участку пасля галасавання на парламенцкіх выбарах Аляксандар Лукашэнка паведаміў, што Беларусь і Расея практычна дамовіліся па газавым пытанні. 12 верасня ў ходзе сустрэчы з Уладзімірам Сямашкам ён даручыў на працягу двух дзён дасягнуць канчатковай дамоўленасці з расійскім бокам аб пастаўках энерганосьбітаў у Беларусь. Аднак пасля перамоў на ўзроўні віцэ-прэм’ераў пасольства Беларусі ў Расеі паведаміла, што дасягнуць кампрамісу па газавым пытанні ўрадам дзвюх краін не ўдалося.

Аляксандр Лукашэнка, каментуючы 20 верасня рознагалоссі з Расеяй па энергетычных пытаннях, заявіў, што, калі праблемы з пастаўкамі нафты і газу не будуць урэгуляваны, Беларусь можа паставіць пытанне пра свой няўдзел у працы калегіяльных органаў Еўразійскага эканамічнага саюза.

«Калі так будзе працягвацца — навошта нам там трымаць кучу чыноўнікаў? Там, па-мойму, ужо каля тысячы ў так званым урадзе ў ЕАЭС. І які вынік?» — задаў рытарычнае пытанне Лукашэнка.

Тым часам Міжнародны валютны фонд у сваім апошнім аглядзе беларускай эканомікі папярэдзіў аб тым, што стабільнасць у Беларусі можа быць падарваная, калі не будуць урэгуляваны рознагалоссі з Расеяй.

БелаПАН