У Маскве працягваюцца пратэсты (абноўлена)



У расейскай сталіцы адбылася самая масавая пратэстная акцыя за мінулыя восем гадоў.

Мітынг за свабодныя выбары на праспекце Сахарава сабраў дзясяткі тысяч людзей: паводле дадзеных “Белага лічыльніка” 50 тысяч, паводле інфармацыі МУС – 20 тысяч. Як паведамляе Бі-Бі-Сі, пасля мітынгу частка пратэстоўцаў накіравалася да адміністрацыі прэзідэнта і некалькі гадзін бегала ад АМАПу па бульвары і навакольных вуліцах. Паліцыя затрымала больш за 200 чалавек. Пратэсты працягваюцца больш за месяц. Прычынай стала адмова ў рэгістрацыі на выбары ў Масгардуму апазіцыйных кандыдатаў. Раней Следчы камітэт пачаў крымінальныя справы ў дачыненні да 13-ці чалавек.

* * * 

Гэтым разам санкцыянаваная акцыя за свабодныя выбары пройдзе 10 жніўня на праспекце Сахарава. Заяўленая колькасць удзельнікаў – 100 000 чалавек.

Каментуе беларускі журналіст, які жыве ў расейскай сталіцы, Алесь Чайчыц:

– Я думаю, што людзей будзе вельмі шмат. Але гэта не факт, што скончыцца бойкай і затрыманнямі. Іншая справа, што мінулым разам, калі такія буйныя акцыі там праходзілі, яны мірна сканчаліся, і на гэтым, у прынцыпе, усё і сканчалася. Пара была выпушчаная. І працягу гэта не мела.

Прытым Чайчыц нагадвае, што большая частка лідараў расейскай апазіцыі застаецца за кратамі, як і затрыманыя падчас папярэдніх акцыяў пратэстоўцы, якім пагражаюць крымінальныя справы. Выбары ў Маскоўскую гарадскую думу прызначаныя на 8 верасня.

Цалкам размова:

Стась Дадэрка, Беларускае Радыё Рацыя