У Маскву на парад 9-га траўня не прыедзе нават Лукашэнка
Дзень Перамогі 9 траўня прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін адзначыць у адзіноце — у Маскву не прыедзе нават Аляксандр Лукашэнка, паведамілі „РИА Новости” са спасылкай на прэс-сакратара Пуціна Дзмітрыя Пяскова. „На Дзень Перамогі мы нікога з замежных кіраўнікоў не запрашалі. Справа ў тым, што гэта не юбілей. Гэта наша свята, гэта свята для ўсёй Расеі, для ўсіх расейцаў. Але мы не запрашалі замежных лідараў», – сказаў Пяскоў.
Ён таксама абверг інфармацыю пра нібыта запланаваны візіт прэзідэнта Палестыны Махмуда Абаса, пра што раней паведамлялі некаторыя расейскія СМІ.
Мінабароны Расеі паведаміла, што ў парадзе ў гонар 77-й гадавіны Перамогі ў Другой сусветнай вайне прымуць удзел 11 тысяч вайскоўцаў, 131 адзінка ўзбраення ваеннай і спецыяльнай тэхнікі, а таксама 77 самалётаў і верталётаў.
Цяжка ўявіць, каго з сусветных лідараў Пуціну можна было б запрасіць на святкаванне Дня Перамогі, і хто з іх пагадзіўся б прыехаць у Маскву. Пасля нападу Расеі на Украіну ЕЗ і ЗША ўвялі супраць Расеі розныя санкцыі. Яны таксама пастаўляюць ва Украіну зброю і падтрымліваюць перамогу над расейскім агрэсарам.
Фота: Раміль Сітдзікаў / РИА Новости