У Менгарвыканкам пададзеная заяўка на правядзенне Дня Волі
Прадстаўнікі дэмсіл падалі ў Менгарвыканкам заяўку на правядзенне 25 сакавіка традыцыйнай акцыі з нагоды Дня Волі, паведаміў лідар Партыі БНФ Аляксей Янукевіч.
Па словах старшыні Партыі БНФ Аляксея Янукевіча, заяўнікі мерапрыемства спадзяюцца, што Менгарвыканкам адобрыць план святкавання Дня Волі і дазвол будзе атрыманы:
– Мы заклікаем улады даць дазвол на збор каля Акадэміі навук, а 18-й гадзіне. Прадугледжаны кароткі мітынг там жа, дэманстрацыя да сквера Янкі Купалы і працяг мітынгу каля помніка Янку Купалу. Паглядзім як улада адрэагуе на гэтую заяўку, памятаем што ў мінулыя гады заўсёды нягледзячы на тое, які фармат прапаноўвалі заяўнікі, скіроўвалі ў іншы бок дэманстрацыю. Цяпер улады шмат кажуць пра нейкі ўнутраны дыялог у краіне.
„Таму іх адказ на гэтую заяўку будзе вымяральнікам таго, наколькі сёння ўлада адкрыта і гатова да дыялогу з грамадствам”, – сказаў Аляксей Янукевіч.
Заяўка пададзеная 3 сакавіка. Акрамя Янукевіча яе падпісалі Мікалай Статкевіч, Анатоль Лябедзька, Віталь Рымашэўскі, Вячаслаў Сіўчык, Таццяна Міронава, Рыгор Кастусёў і Алесь Лагвінец. Збор удзельнікаў акцыі плануецца на пляцоўцы перад будынкам акадэміі навук з 18.00 да 19.00. Затым у гэтым жа месцы мяркуецца правядзенне 20-хвіліннага мітынгу, пасля чаго калона дэманстрантаў плануе шэсце па ходніках праспекта Незалежнасці да парку Янкі Купалы, дзе з 20.00 да 20.30 працягнецца мітынг.
Як адзначаецца ў заяўцы, мэтай масавага мерапрыемства з’яўляецца „публічнае абмеркаванне і святкаванне 98-й гадавіны абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі, а таксама абмеркаванне і выказванне грамадзянамі свайго стаўлення да праблем грамадска-палітычнага жыцця Беларусі і геапалітычнай сітуацыі ў рэгіёне”.
Меркаваная колькасць удзельнікаў святкавання Дня Волі – 950 чалавек.
Дзень Волі штогод адзначаецца беларускай апазіцыяй, ён прымеркаваны да гадавіны абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі ў 1918 годзе.
БелаПАН, Беларускае Радыё Рацыя