У Менск прыбыла новы кіраўнік прадстаўніцтва ААН у Беларусі



Новы пастаянны каардынатар ААН, пастаянны прадстаўнік ПРААН у Беларусі Яанна Казана-Вішнявецка прыбыла ў Беларусь 15 траўня. Яна таксама прызначаная прадстаўніком Фонду ААН у галіне народанасельніцтва (ЮНФПА) у Беларусі і кіраўніком офіса ААН дэпартамента грамадскай інфармацыі, паведамляе прэс-служба Прадстаўніцтва ААН.

Яанна Казана-Вішнявецка родам з Польшчы, мае ступень магістра эканомікі і міжнародных адносін Варшаўскай школы эканомікі. Валодае англійскай і расійскай мовамі. На пасадзе кіраўніка прадстаўніцтва ААН у Беларусі яна змяніла Санаку Самарасінху, які завяршыў сваю місію ў Мінску 30 красавіка гэтага года.

Сваю кар’еру Казана-Вішнявецка пачынала ў краінавым офісе ПРААН у Варшаве. Яна таксама працавала намеснікам пастаяннага прадстаўніка ПРААН ва Украіне, дзе пад яе кіраўніцтвам была распрацаваная маштабная праграма па развіцці на мясцовым узроўні, і асістэнтам пастаяннага прадстаўніка ў офісе ПРААН у Літве.

C 2010 года Казана-Вішнявецка працавала ў штаб-кватэры ПРААН у якасці начальніка аддзела па заходніх краінах СНД і краінах Закаўказзя, а затым — на пасадзе кіраўніка аддзела па сувязях і наглядзе над краінавымі офісамі Рэгіянальнага бюро ПРААН па краінах Еўропы і СНД у Нью-Ёрку. Там яна адказвала за каардынацыю ўзаемадзеяння з урадамі дзяржаў — членаў ААН праз пастаянныя прадстаўніцтвы пры ААН, а таксама аказвала садзеянне кіраўніцтву ПРААН у кантролі і стратэгічнай падтрымцы 18 краінавых офісаў ПРААН, падсправаздачных Рэгіянальнаму бюро па краінах Еўропы і СНД.

Казана-Вішнявецка цесна супрацоўнічала з дэпартаментам ААН па палітычных пытаннях, Упраўленнем вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека, Упраўленнем ААН па каардынацыі гуманітарных пытанняў, а таксама канцылярыяй генеральнага сакратара ААН і іншымі структурамі сакратарыята.

Яна зрабіла ўнёсак у развіццё супрацоўніцтва ПРААН з ключавымі донарамі і з 2015 года была членам кіруючага камітэта траставага фонду „Расійская Федэрацыя — ПРААН з мэтай развіцця”.

belapan.by