У Менск прыбыла новы павераны ў справах ЗША Джэніфер Мур
У Менск прыбыла новы павераны ў справах ЗША Джэніфер Мур, паведамілі БелаПАН у пасольстве Злучаных Штатаў Амерыкі.
Яна змяніла на гэтай пасадзе Роберта Райлі, які працаваў у Беларусі са жніўня 2016 года.
Джэніфер Мур — кар’ерны дыпламат. Перад прыездам у Менск займала пасаду намесніка дырэктара ўпраўлення па справах Паўднёвай Еўропы Дзярждэпартамента ЗША, якое адказвае за адносіны з Турцыяй, Грэцыяй і Кіпрам. У яе багаты вопыт працы па еўрапейскай тэматыцы, і на працягу большай часткі сваёй кар’еры Мур спецыялізавалася ў пытаннях міжнароднага супрацоўніцтва і рэформаў у сферы бяспекі. Яна таксама працавала намеснікам дырэктара ўпраўлення Дзяржаўнага дэпартамента па міратворчай дзейнасці, санкцыях i барацьбе з тэрарызмам, дарадцы па палітычных і эканамічных пытаннях пасольства ЗША ў Тыране, на розных пасадах у палітычным, ваенна-палітычным і эканамічным аддзелах пасольстваў ЗША ў Анкары, Сараеве, Багдадзе і Джакарце.
Акрамя гэтага, Мур была дзяжурным супрацоўнікам аператыўнага цэнтра Дзярждэпартамента і асістэнтам памочніка дзяржсакратара ЗША па ваенна-палітычным пытаннях.
Дыпламат неаднаразова атрымлівала вышэйшыя ганаровыя ўзнагароды Дзярждэпартамента. Вывучала рускую, турэцкую, сербскахарвацкую, албанскую і інданезійскую мовы.
Джэніфер Мур нарадзілася ў штаце Джорджыя і скончыла Тэхналагічны інстытут штата, атрымаўшы ступень бакалаўра і магістра міжнародных адносін, а таксама магістра публічнай палітыкі.
belapan.by