У Менск прыбылі іракскія дыпламаты



У Менску для ўрэгулявання міграцыйнага крызісу знаходзіцца дэлегацыя іракскіх дыпламатаў, паведаміў прэс-сакратар знешнепалітычнага ведамства Ірака Ахмад Аль-Сахаф.

Паводле яго слоў, гаворка ідзе пра палягчэнне працэдуры вяртання на радзіму суайчыннікаў, якія апынуліся ў цяжкім становішчы. Яшчэ адна мэта дэлегацыі — высветліць акалічнасці смерці мігранта з Ірака, пра якую паведамілі ўлады Беларусі, у прысутнасці яго сваякоў.

6 жніўня праходзіла сустрэча іракскіх дыпламатаў з прадстаўнікамі беларускага МЗС, якое пра візіт калег пакуль нічога не паведаміла.

5 жніўня, пасля таго як Літва вырашыла не затрымліваць (з наступным накіраваннем у лагеры бежанцаў), а адразу вяртаць нелегалаў на тэрыторыю Беларусі, Аляксандр Лукашэнка даручыў сілавым структурам узмацніць работу па ахове мяжы і прадухіленні фактаў яе парушэння: „З сённяшняга дня ні адна нага на тэрыторыю Беларусі з сумежнага боку, з поўдня ці з захаду, ступіць не павінна”.

Неўзабаве пасля гэтага Дзяржпагранкамітэт заявіў пра ўзмацненне кантролю мяжы з Літвой. У сацсетках з’явіліся відэазапісы, як беларускія сілавікі не прапускаюць мігрантаў, большасць якіх складаюць іракцы, на тэрыторыю краіны.

6 жніўня МЗС Ірака паведаміла, што „занепакоена сочыць за іракскімі імігрантамі і звязанымі з гэтым небяспекамі, бо яны робяцца аб’ектамі сетак незаконнага ўвозу і гандлю людзьмі, якія могуць мець негатыўныя наступствы для бяспекі і жыцця людзей”. „Паўтараючы свой заклік да іракскіх грамадзян не трапляцца ў пастку гэтых груп (мабыць, маюцца на ўвазе гандляры людзьмі. — БелаПАН.), мы адзначаем, што іракскі ўрад прыняў шэраг мер па абмежаванні выкарыстання падарожнікаў у шэрагу краін”, — гаворыцца ў дакуменце.

МЗС Ірака заявіла таксама, што ў Багдад патэлефанавалі вярхоўны прадстаўнік ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Жазэп Барэль, а таксама міністры замежных спраў Літвы Габрыэлюс Ландсбергіс і Латвіі Эдгарс Рынкевічс. Падчас перамоў кіраўнік іракскай дыпламатыі Фуад Хусейн адзначыў, што законы краіны гарантуюць свабоду перамяшчэння грамадзян, аднак гандаль людзьмі, небяспека пашырэння сетак кантрабанды і ўплыў гэтых фактараў на бяспеку суайчыннікаў, якія вандруюць, класіфікуецца як злачынства.

Хусейн распавёў пра меры, прынятыя для абароны суграмадзян, якія сталі ахвярамі „кантрабандных сетак”, у тым ліку часовым спыненні палётаў у Мінск і арганізацыі рэйсаў у Багдад (на 10 жніўня запланаваны чарговы такі рэйс). Меры прынятыя ў дадатак да расследавання выкарыстання грамадзян у злачынных мэтах і нападу на іх, пасля чаго немагчыма высветліць іх далейшы лёс, адзначае МЗС Ірака.

З пачатку 2021 года літоўскія памежнікі затрымалі 4.112 нелегалаў, якія прыбылі з тэрыторыі Беларусі, — у 50,8 разу больш, чым за ўвесь 2020-ты (81 чалавек). 68% з іх (2.797) — з Ірака. Некалькі дзён таму Літва перастала пускаць нелегалаў на сваю тэрыторыю. 6 жніўня затрыманых мігрантаў не было, аднак на беларускую тэрыторыю вернута каля 250 чалавек.

Вільнюс лічыць міграцыйны крызіс гібрыднай вайной, якую пачалі беларускія ўлады ў адказ на заходнія санкцыі. Менск абвінавачвае ў наяўным становішчы Літву.

belapan.by