У Менск прыбыў новы пасол Ізраіля



Да прызначэння паслом Алон Шохам працаваў кіраўніком консульскага дэпартамента МЗС Ізраіля. Вясной 2016 года на працягу месяца Шохам знаходзіўся ў Беларусі і з’яўляўся часовым павераным у справах Ізраіля.

Папярэдні пасол Ізраіля Іосіф Шагал завяршыў дыпламатычную місію ў Беларусі ў канцы лета 2015 года. Прыкладна ў той жа час стала вядома пра намер урада Ізраіля ліквідаваць сем дыпламатычных прадстаўніцтваў краіны, у тым ліку ў Беларусі, у сувязі са скарачэннем выдаткаў.

У пачатку 2016 года беларускае МЗС паведаміла, што ў адказ на закрыццё пасольства Ізраіля ў Менску Беларусь закрые сваё пасольства ў Тэль-Авіве, як гэта прадугледжана „звычайнай дыпламатычнай практыкай”. Пры гэтым адзначалася, што „ізраільскі бок робіць памылку, ігнаруючы той факт, што дзве краіны звязваюць лёсы дзясяткаў тысяч людзей, для якіх Ізраіль і Беларусь з’яўляюцца блізкімі і роднымі краінамі, а таксама ў цэлым пазітыўную дынаміку двухбаковых адносін у розных сферах”.

У сакавіку 2016 года ізраільскае МЗС абвясціла пра рашэнне захаваць прысутнасць сваёй дыпмісіі ў Беларусі ў ранейшым фармаце. У адказ беларускі бок паведаміў, што пасольства Беларусі ў Ізраілі таксама працягне сваю працу.

З 26 лістапада 2015 года паміж Беларуссю і Ізраілем дзейнічае бязвізавы рэжым.

Паводле БелаПАН

Фота trend.az