Лукашэнка: У Беларусі сваё разуменне правоў чалавека (абноўлена)



Беларусь не крытыкуе Еўропу за яе разуменне правоў чалавека, але мае сваю пазіцыю па гэтым пытанні. Пра гэта заявіў сёння кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы са спецыяльным прадстаўніком Еўрапейскага Звяза па правах чалавека Стаўрасам Ламбрынідзісам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

000019_590585_big

Лукашэнка адзначыў, што не крытыкуе Еўропу за тое, як яна разумее правы чалавека. „Еўрапейскі Звяз – гэта „дарослая” арганізацыя, там разумныя людзі, яны ўмеюць фармуляваць тое, што яны хочуць”, – сказаў Аляксандр Лукашэнка. „Але ў нас ёсць сваё разуменне гуманітарных праблем, у тым ліку праблем правоў чалавека”, – звярнуў увагу кіраўнік Беларусі і падкрэсліў, што пазіцыя Беларусі залежыць не толькі ад яго асабістага разумення ці разумення з боку беларускіх улад. Калі гэта было б так, то ўсе гэтыя праблемы ў Беларусі ўжо хутка вырашылі б, дадаў ён. „Вырашэнне гэтых праблем ляжыць у плоскасці жыцця людзей, і перш за ўсё матэрыяльнай. Мы так гэта разумеем”, – сказаў Аляксандр Лукашэнка. Пры гэтым ён падкрэсліў, што Беларусь развівае гэты кірунак і бачыць, у які бок ідзе свет, як вырашаюцца такія праблемы ў Еўрапейскім Звязе, ЗША, Расеі, Кітаі і іншых дзяржавах. „Мы людзі мабільныя, мы вучымся. Мы многае ў вас задзейнічалі і прыстасавалі да таго жыцця, якое ў нас ёсць. Я думаю, так будзе і ў далейшым”, – упэўнены Аляксандр Лукашэнка. У той жа час і Еўрапейскі Звяз цяпер больш разумее Беларусь, адзначыў ён і выказаў упэўненасць, што гэты працэс будзе і далей ісці ў тым жа рэчышчы.

* * *

Стаўрас Ламбрынідзіс прыбыў у Менск вечарам 8 сакавіка. Паводле інфармацыі прэс-службы беларускага МЗС, візіт спецпрадстаўніка ЕЗ па правах чалавека „арганізуецца ўпершыню ў мэтах садзейнічання далейшаму развіццю дыялогу па правах чалавека паміж Беларуссю і Еўразвязам, які быў адноўлены ў ліпені 2015 года”.

Стаўрас Ламбрынідзіс

Як паведаміла прэс-служба прадстаўніцтва ЕЗ у Беларусі, падчас візіту, што будзе доўжыцца да 11 сакавіка, Ламбрынідзіс сустрэнецца з прадстаўнікамі беларускіх уладаў, палітычных партый, грамадзянскай супольнасці і праваабаронцамі.

На 9 сакавіка запланаваная сустрэча Ламбрынідзіса са старшынёй Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Уладзімірам Андрэйчанкам. Асаблівая ўвага ў час сустрэчы будзе нададзеная пытанням развіцця дыялогу па правах чалавека паміж Беларуссю і ЕЗ, паведаміла прэс-служба ніжняй палаты парламента.

10 сакавіка спецпрадстаўнік ЕЗ возьме ўдзел у міжнароднай канферэнцыі па праблеме смяротнага пакарання ў менскім гатэлі „Рэнесанс”. Мерапрыемства арганізаванае прадстаўніцтвам ААН у Беларусі пры фінансавай падтрымцы пасольства Вялікабрытаніі. Удзельнікамі канферэнцыі таксама стануць спецдакладчык Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы па сітуацыі ў Беларусі Андрэа Рыгоні, старшыня камітэта па замежных справах Палаты дэпутатаў Чэхіі Карал Шварцэнберг, пасол Вялікабрытаніі ў Беларусі Фіёна Гіб, прадстаўнік ПРААН у Беларусі Санака Самарасінха і шэраг замежных экспертаў.

Беларусь застаецца адзінай краінай у Еўропе, дзе да гэтага часу прымяняецца смяротнае пакаранне. З-за гэтай прычыны Беларусь таксама з’яўляецца адзінай еўрапейскай краінай, якая не ўваходзіць у Савет Еўропы.

За ўсю гісторыю незалежнай Беларусі было вынесена 406 смяротных прысудаў, прычым два апошнія — за няпоўныя два месяцы гэтага года. Адзін з іх быў вынесены 15 лютага, у дзень зняцця Еўрзвязам санкцый у дачыненні да Беларусі, нягледзячы на тое што ў рашэнні Савета ЕЗ пра зняццё санкцый асобным радком гаворыцца пра неабходнасць увядзення мараторыя на смяротнае пакаранне як першага кроку да яго поўнай адмены.

belapan.by