У Менск прыедзе дачка генерала Андэрса
9 красавіка Менск наведае Анна Марыя Андэрс, упаўнаважаная па пытаннях міжнароднага дыялогу канцылярыі старшыні Рады Міністраў Рэспублікі Польшча.
Мэта яе візіту — абмеркаваць з прадстаўнікамі беларускіх устаноў, якія займаюцца пытаннямі гісторыі, актывізацыю польска-беларускага гістарычнага дыялогу. Візіт стане працягам перамоваў па гэтым пытанні, пачатых у сакавіку ў Менску кіраўніком польскага знешнепалітычнага ведамства Вітольдам Вашчыкоўскім, паведамляе польская амбасада ў Менску.
Анна Марыя Андэрс — дачка генерала Польскай Арміі Уладзіслава Андэрса, які ўдзельнічаў у вераснёвай кампаніі 1939 года, а раней камандаваў Наваградскай кавалерыйскай брыгадай і гарнізонам у Баранавічах. Пасля ўводу савецкіх войскаў на тэрыторыю Польшчы 17 верасня 1939 года генерал Андэрс быў арыштаваны, 22 месяцы прабыў у турмах НКВД у Львове і Маскве.
Статс-сакратар Анна Марыя Андэрс ускладзе кветкі да магіл ахвяраў сталінскіх рэпрэсій у Курапатах.
10 красавіка яна накіруецца з Менску ў Катынь і Смаленск, дзе маюць ушанаваць памяць ахвяр катынскага злачынства і 6-ю гадавіну авіяцыйнай катастрофы ў Смаленску, у якой загінулі прэзідэнт Польшчы Лех Качынскі і каля сотні іншых вышэйшых урадоўцаў Польшчы.