У Менск прыязджаюць прадстаўнікі дыпламатыі сямі краін ЕЗ (абноўлена)



Еўрапейскі дыпламатычны дэсант высадзіцца сёння ў Беларусі. Адразу некалькі сустрэчаў з еўрапейскімі палітыкамі і чыноўнікамі маюць прайсці бліжэйшымі днямі ў Менску. 9 лютага ў беларускую сталіцу прыбываюць прадстаўнікі Міністэрстваў замежных спраў Аўстрыі, Нямеччыны, Вялікабрытаніі. З прадстаўнікамі адміністрацыі кіраўніка Беларусі і ўрада маюць намер сустрэцца таксама прадстаўнікі краінаў Вышаградскай групы, у якую ўваходзяць Польшча, Чэхія, Славаччына і Вугоршчына. Хутчэй за ўсё такі дэсант сведчыць пра тое, што санкцыі будуць усё ж адмененыя, мяркуе палітчыны эксперт Павел Усаў:

– Для Еўразвяза, улічваючы сур’ёзнае сутыкненне і канфлікты з Расеяй, важныя два моманты. Па-першае, гульня па перацягванні Лукашэнкі на свой бок. Безумоўна, гэта ілюзорная гульня. Па-другое, выкарыстанне Беларусі як базы для рээкспарту еўрапейскіх прадуктаў, якія забаронены да ўвозу ў Расею. Каб пастаўляць прадукцыю ў Расею праз Беларусь, як яно і было ўсе гэтыя гады.

На будучым тыдні мае вырашыцца лёс санкцый у дачыненні да 171 беларускага чыноўніка і дзесяці кампаній, якія былі ўнесеныя ў чорны санкцыйны спіс пасля падзеяў Плошчы 2010 года. У кастрычніку дзеянне санкцыяў было прыпыненае на 4 месяцы. Не выключана, што санкцыі будуць цалкам адмененыя, за выключэннем 4 чыноўнікаў, датычных да знікнення беларускіх палітыкаў і журналіста ў 1999-2000 гадах.

* * *

9 лютага з візітам у Менск прыязджаюць палітычныя дырэктары міністэрстваў замежных спраў Вышаградскай групы (Венгрыя, Польшча, Славакія, Чэхія).

Дэлегацыя Вышаградскай групы плануе сустрэцца з кіраўніцтвам Міністэрства замежных спраў, а таксама з прадстаўнікамі Адміністрацыі прэзідэнта і ўрада. „Падчас сустрэч плануецца абмеркаванне праблематыкі ўзаемадзеяння Беларусі і Вышаградскай групы, стану і перспектыў супрацоўніцтва Беларусі і Еўразвяза, а таксама пытанняў рэгіянальнай бяспекі”, — паведаміла прэс-служба МЗС Беларусі.

Раней паведамлялася, што 9 і 10 лютага Менск таксама наведаюць прадстаўнікі знешнепалітычных ведамстваў Аўстрыі, Велікабрытаніі і Германіі. Ва ўсіх іх запланаваныя сустрэчы з міністрам замежных спраў Беларусі Уладзімірам Макеем.

Візіты заходнееўрапейскіх палітыкаў пройдуць напярэдадні паседжання Савета Еўразвяза па замежных справах, якое адбудзецца 15 лютага ў Бруселі. У парадак пасяджэння ўключана пытанне па Беларусі.

Да канца лютага ЕЗ павінен вызначыцца адносна абмежавальных мер у дачыненні Беларусі. Пакуль дзейнічае рашэнне аб прыпыненні санкцый супраць 171 фізічнай і 10 юрыдычных асобаў Беларусі, прынятае Еўразвязам 31 кастрычніка 2015 года на чатыры месяцы. Афіцыйныя прадстаўнікі Беларусі неаднаразова заяўлялі, што ў Менску разлічваюць на поўную адмену санкцый.

Беларускае Радыё Рацыя