У Менску абмеркавалі перспектывы сістэмы электроннага ўрада
Сістэма электроннага ўрада паспяхова выкарыстоўваецца ў шматлікіх краінах свету. Падобныя праграмы працуюць ва Украіне, Расеі, Казахстане.
Падчас вялікага форуму па кіраванні інтэрнэтам IGF 16 траўня ў Менску прайшоў асобны круглы стол, прысвечаны гэтай тэме.
Адзін са спікераў Андрэй Завадскі, эксперт АГА „Фонд імя Льва Сапегі”, адзначае, што пабудаваць празрыстую камунікацыю ўсіх сегментаў грамадства і дзяржавы ў недэмакратычнай краіне вельмі цяжка, але шмат у чым з’яўленне электроннага ўрада залежыць ад пазіцыі саміх людзей і іх жадання ўдзельнічаць у прыняцці рашэнняў:
– 20-30 гадоў таму гэта было значна цяжэй, бо трэба было выкарыстоўваць нейкія папяровыя носьбіты, збіраць агульныя сходы. У век электронных тэхналогій і інтэрнэту ўсё спрашчаецца. Кожны чалавек, седзячы ў сябе дома, можа прымаць дзейсныя рашэнні ў падрыхтоўцы, кантраляванні рэалізацыі ўладных рашэнняў, якія яго тычацца і дзеля яго прымаюцца, у выкананні эфектыўна якіх ён сапраўды зацікаўлены ў першую чаргу, значна болей, чым нейкі чыноўнік ва ўладнай структуры. Карыстальнікам паслуг менавіта гэты грамадзянін з’яўляецца, а не той чыноўнік.
Сярод спікераў круглага стала па праблемах і шляхах развіцця электроннага ўрада ў Беларусі былі прадстаўнікі іншых краін з паспяховым досведам увядзення электроннага ўрада, а таксама беларускія эксперты ды чыноўнікі.
Прыкладам паспяховага выкарыстання сістэмы электроннага ўрада падзялілася спікер з Малдовы Карнэлія Аміхалакіоае. У час выступу яна асабліва звярнула ўвагу на важнасць разумення, што не дастаткова толькі інфарматызацыі дзяржаўных структураў. Для стварэння цэласнай сістэмы электроннага ўрада яны правялі супольную працу па рэфармаванні самога апарату і пачалі з таго, што стваралі асобныя дэпартаменты па электронным урадзе ў розных сектарах.
Кажа адзін са стваральнікаў праваабарончай арганізацыі Human Constanta Андрэй Сушко:
– Спачатку мы кажам пра электронны ўрад, пасля пра электронную дэмакратыю, але ўсё адно выходзім на ўдзел грамадзян у прыняцці рашэнняў. Гэта ўсё не для таго, каб працягнуць нейкія новыя шнуры для фармальнага ўзаемадзяння грамадзян і дзяржавы, ці дзяржавы і дзяржавы, ці дзяржавы і бізнеса. Гэта ўсё, каб нам з вамі, кажучы банальна, стала лепей і камфортней жыць. А для мяне як для праваабаронцы і юрыста гэты камфорт выражаецца ў гарантыях правоў чалавека, зразумелых механізмах прыняцця рашэнняў у дзяржаве, празрыстай судовай сістэме.
На сёння пытанне стварэння электроннага ўрада ў Беларусі застаецца адкрытым. На думку экспертаў, зроблены толькі першыя крокі ў гэтым напрамку і пакуль цяжка казаць пра тое, ці будзе развівацца гэтая плынь надалей, не гледзячы на тое, што ў дзяржаўных праектах яна фігуруе. Праблема палягае яшчэ і ў адсутнасці нарматыўнай базы па гэтым пытанні і агульнапрынятага азначэння самога тэрміна „электронны ўрад”.
[Not a valid template]
Алена Вільтоўская, Беларускае Радыё Рацыя, Менск
Фота аўтаркі