У Менску абмеркавалі праект закону аб палітычных партыях
У Менску адбыўся круглы стол, на якім быў абмеркаваны праект закону аб палітычных партыях.
Як сказаў мадэратар мерапрыемства, старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Барысаў, гэта ўжо другая сумесная сустрэча прадстаўнікоў розных партый Беларусі, якія падпісалі сумесную рэзалюцыю.
– Мы абмяркоўвалі праект закона ад палітычных партыях. І пасля дзвюх гадзінаў абмеркавання мы прынялі канцэпцыю гэтага закона за аснову. Вельмі шмат слушных цікавых правак, якія маюць права на існаванне. Канешне, самае галоўнае, што мусіць быць у новай рэдакцыі закона, – гэта ўвядзенне дзяржаўнага фінансавання. Бо гэта аснова. Без гэтага партыі надалей будуць знаходзіцца ў маргінальным стане. Мы не выключаем таксама, што ў партый павінен з’явіцца новы адмысловы юрыдычны статус.
Сярод узяўшых удзел у выпрацоўцы праекту закону былі таксама кіраўнікі ці прадстаўнікі Аб’яднанай Грамадзянскай партыі, партыі левых „Справядлівы свет”, Партыі БНФ, Беларускай партыі Зялёныя і іншыя. Усяго прадстаўнікі 7 партый з 15 запрошаных.
Беларускае Радыё Рацыя