У Менску абмеркавалі „стан і перспектывы беларуска-амерыканскіх адносін”
„Стан і перспектывы беларуска-амерыканскіх адносін” абмеркавалі 18 чэрвеня ў Менску намеснік міністра замежных спраў Сяргей Алейнік і часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Рубен Аруцюнян, паведаміла прэс-служба знешнепалітычнага ведамства. Часовы павераны пацвердзіў нязменную падтрымку ЗША і міжнароднай супольнасці патрабаванняў беларускага народа спыніць адвольныя і палітычна матываваныя затрыманні, вызваліць усіх палітвязняў і пачаць сапраўдны дыялог з усімі слаямі беларускага грамадства, які вядзе да свабодных і справядлівых выбараў.
Аруцюнян выказаў пратэст супраць нядаўняга вымушанага скарачэння дыпламатычнай прысутнасці ЗША ў Беларусі і адзначыў непахісную прыхільнасць пасла Джулі Фішэр да падтрымкі дэмакратычных памкненняў беларусаў.
3 чэрвеня беларускае МЗС паведаміла пра ўвядзенне ў адказ санкцый супраць ЗША, сярод якіх абмежаванні ў працы амерыканскага дыпламатычнага і тэхнічнага персаналу пасольства ЗША ў Менску.
Беларускае Радыё Рацыя
