У Менску абмяркоўвалі еўрапейскую палітыку суседства



У менскім гатэлі “Рэнесанс” адбыўся адкрыты круглы стол “Еўрапейская палітыка суседства – чаканні Беларусі”. Хрысціянскія дэмакраты – еўрапарламентарыі – сустракаліся з лідарамі дэмакратычных партый і рухаў Беларусі. Пасля выступленняў адбылося абмеркаванне і дыскусія. Сваімі ўражаннямі ад сустрэчы падзяліўся лідар руху “За дзяржаўнасць і незалежнасць Беларусі” Уладзімір Някляеў.

Сённяшняя сустрэча, безумоўна, важная рэч. Дыялог паміж прадстаўнікамі Еўразвязу і беларускай дэмакратычнай апазіцыяй у Беларусі, у цэнтры Менска, без АМАПа і дубінак, – гэта, канешне, крок наперад. І, не даючы веры канчатковаму паспяховаму завяршэнню працэсу палітыкі пераменаў праз збліжэнне, я ўсё ж мяркую, што нейкія вынікі гэтая палітыка можа даць, ну, хоць бы зыходзячы з таго, што адбылося сёння.

У сваіх выступах прадстаўнікі Бруселя падкрэслівалі, што Беларусь па-ранейшаму застаецца ў полі іх увагі. Найбольш праблемнай ім бачыцца сітуацыя з дэмакратыяй і правамі чалавека ў краіне. У тым ліку, практыка прымянення смяротнага пакарання. Пэўныя надзеі яны ўскладаюць на маючыя адбыцца парламенцкія выбары, але хуткіх зменаў у Беларусі не чакаюць.

Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск