У Менску абмяркуюць пытанні развіцця адносінаў з ЗША
Падчас візіту ў Менск 4 студзеня дзяржсакратар ЗША Майкл Пампеа мае намер абмеркаваць з Аляксандрам Лукашэнкам «працяг нармалізацыі двухбаковых адносін і абмен пасламі».
Пра гэта заявілі напярэдадні брыфінгу ў Вашынгтоне. Брыфінг праводзіўся ў сувязі з запланаванымі на 3–7 студзеня візітамі Пампеа ва Украіну, Беларусь, Казахстан, Узбекістан і на Кіпр.
«Дзяржсакратар таксама сустрэнецца з міністрам замежных спраў Беларусі Уладзімірам Макеем, каб абмеркаваць пытанні правоў чалавека, эканамічнага супрацоўніцтва і абмен інфармацыяй пра пагрозы рэгіянальнай і міжнароднай бяспекі», – паведаміў прадстаўнік дзярждэпартамента ЗША.
Прадстаўнік Дзярждэпартамента таксама адзначыў, што ЗША працягваюць заклікаць Беларусь развіваць прагрэс у сферы правоў чалавека, дасягнуты ў апошнія гады. «Мы лічым, што прасоўванне дэмакратычных прынцыпаў умацуе суверэнітэт і незалежнасць Беларусі, што ЗША адназначна і цвёрда падтрымліваюць. І гэта, вядома, дазволіць пашырыць двухбаковыя сувязі», – было адзначана на брыфінгу.
Беларускае Радыё Рацыя