Шаран Бароў сустрэлася з міністрам працы і сацыяльнай абароны (абноўлена)
Закончылася сустрэча Генеральнага сакратара Міжнароднай канфедэрацыі прафсаюзаў (МКП) Шаран Бароў у Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны Беларусі. Яна сустрэлася з міністрам Марыянай Шчоткінай і намеснікам міністра Ігарам Старавойтавым.
На сустрэчы ў міністэрстве прысутнічаў і лідар Кангрэсу свабодных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук, які паведаміў, што на фоне аднаўлення дачыненняў з Еўразвязам ёсць нейкія спадзяванні на лібералізацыю:
– Абяцанне ўладаў – падумаць і ацаніць. Зараз была вельмі вострая дыскусія з намеснікам міністра спадаром Старавойтавым па ўсіх гэтых пытаннях. Паглядзім, які будзе вынік. Мы свой пункт гледжання давялі да ведама ўладаў.
Сустрэча ў Міністэрстве працы праходзіла ў межах афіцыйнага двухдзённага візіту кіраўніка МКП у Менску.
Нагадаем, што ўчора Шаран Бароў сустрэлася з прадстаўнікамі незалежных прафсаюзаў з розных гарадоў і рэгіёнаў Беларусі.
* * *
Генеральны сакратар Міжнароднай канфедэрацыі прафсаюзаў (МКП) Шаран Бароў шакаваная фактамі павелічэння дыскрымінацыі свабодных прафсаюзаў у Беларусі. Пра гэта яна заявіла на сустрэчы з кіраўніцтвам і актывістамі беларускіх незалежных прафсаюзаў. Якраз у гэтыя хвіліны праходзіць сустрэча ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны, на якой прысутнічае і лідар кангрэсу свабодных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук:
– Гэта будзе стымулам для беларускіх уладаў, каб палепшыць правы працоўных і прафсаюзаў. У Міністэрстве замежных спраў не будзе сустрэчы, рашэнні прымаліся ў апошні час. Але міністр працы і сацыяльнай абароны праявіў цікавасць да гэтай сустрэчы. Канешне, мы згадзіліся з гэтым варыянтам, таму што ён для нас вельмі цікавы.
Сустрэча праходзіць ў межах афіцыйнага двухдзённага візіту кіраўніка МКП у Менску. Учора Шаран Бароў сустрэлася з прадстаўнікамі незалежных прафсаюзаў з розных гарадоў і рэгіёнаў Беларусі.
Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя
* * *
„Спадзяемся, што візіт Шаран Бароў выкліча адпаведны рэзананс, і што вынікі яго будуць станоўчымі“, – каментуе візіт у Беларусь Генеральнага сакратара міжнароднай канфедэрацыі прафсаюзаў беларускі прафсаюзны лідар Аляксандр Ярашук.
У Менску пачынаецца сустрэча, у час якой абмяркуюць актуальныя пытанні, звязаныя з тым, што Беларусь надалей парушае правы працоўных і незалежных прафсаюзаў. Сустрэча запланаваная ў выглядзе свабоднай дыскусіі:
–Каб людзі змаглі свабодна выказвацца і ўносіць свае прапановы, таму што гэта важна. Як казала ўчора ў час сустрэчы Шаран, яна хоча пачуць шэраговых рабочых, якія змаглі б данесці ёй тое, што адбываецца зараз у Беларусі з правамі працоўных і прафсаюзаў.
На сустрэчы, акрамя актыву незалежных прафсаюзаў, прысутнічаюць прадстаўнікі аб’яднання наймальнікаў, шэрагу амбасадаў, сродкаў масавай інфармацыі.
Міжнародная канфедэрацыя прафсаюзаў з’яўляецца самым буйным і ўплывовым прафсаюзным аб’яднаннем у свеце, якое аб’ядноўвае 325 арганізацый у 161 краіне свету.
* * *
Непрымальная сітуацыя з незалежнымі прафсаюзамі ў Беларусі, а таксама парушэнні правоў працоўных стануць тэмамі сустрэчы з Генеральным сакратаром Міжнароднай канфедэрацыі прафсаюзаў. Шаран Бароў знаходзіцца Беларусі з 14 па 16 верасня. Праз гадзіну распачнецца яе сустрэча з актывам незалежных прафсаюзаў – кажа старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук:
– Яе галоўная задача – падтрымаць арганізацыю і маральна, і палітычна, і проста па-чалавечы, што немалаважна, таму што заўсёды было так, і мабыць застанецца, што адным з унікальных сродкаў міжнародных прафсаюзаў з’яўляецца салідарнасць.
Шаран Бароў у аўторак правядзе сустрэчу з удзелам прадстаўнікоў Міністэрства замежных спраў і Міністэрства працы. Аляксандр Ярашук не выключае, што яна зверне ўвагу прадстаўнікоў улады на неабходнасць прыняцця адказных рашэнняў. Надалей галоўнымі праблемамі застаюцца кароткатэрміновыя кантракты і „прыгоннае права“ ў дрэваапрацоўчай галіне, рэпрэсіі ў дачыненні да незалежных прафсаюзаў і гэтак далей.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя
Фота bkdp.org