У Менску адбудзецца сустрэча Мядзведзева і Лукашэнкі



Больш за 30 пытанняў расейска-беларускіх адносінаў і саюзнага будаўніцтва абмяркуюць сёння ў Менску на чарговым паседжанні Савета Міністраў Саюзнай дзяржавы з удзелам прэм’ер-міністраў Расеі і Беларусі Дзмітрыя Мядзведзева і Міхаіла Мясніковіча.

Перад пачаткам пасяджэння запланавана сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з Дзмітрыем Мядзведзевым. Палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі адзначае, што толькі гэтая сустрэча будзе важнай:

– Лукашэнка з Мядзведзевым будуць абмяркоўваць складаныя пытанні двухбаковых адносін. Мы бачым, як у Расеі эканоміка прыходзіць у заняпад, а яе эканамічная дапамога Беларусі выклікае ўсё больш і больш пытанняў пра патэнцыял, магчымасці Расеі. Але мы добра ведаем, што сёння, як і раней, калі Мядзведзеў быў прэзідэнтам, усё вырашае Пуцін.

Мядзведзеў ужо тройчы сустракаўся са сваім беларускім калегам цягам году. Падчас апошняй сустрэчы 7 кастрычніка ў Сочы бакі дамовіліся, што ў 2015 годзе для кампенсацыі страт бюджэту Беларусі ад падатковага манеўру ў нафтавай галіне Расеі ўсе пошліны ад нафтапрадуктаў, якія вырабляюцца ў Беларусі з расейскай нафты і пастаўляюцца ў трэція краіны, будуць залічвацца ў беларускі бюджэт.

Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя

Фота nv-online.info