У Менску адбылася дыскусія „Прафесійна пра актуальнае”



У Менску адбылася дыскусія „Прафесійна пра актуальнае” на тэму магчымасці збліжэння Беларусі і дэмакратычнага Захаду. Яна была арганізавана цэнтрам „Еўрапейскі дыялог”.

Па словах дырэктара цэнтру Анатоля Лябедзькі, у 2020 годзе гэта ўжо трэцяяя дыскусія. „Мы бярэм вельмі актуальныя тэмы”, — падкрэслівае ён

– Зараз вектар нашай знешняй палітыкі важны і для слесара з МТЗ, і для хатняй гаспадыні, і для студэнта. Таму, што калі мы аналізуем сітуацыю і бачым Беларусь у ВУП Еўрапейскага Звяза, якая займае 0,3%, а ВУП на на душу насельніцтва ў Беларусі 6300, а там 36700. Я, напрыклад, разумею, які гэта велізарны патэнцыял для Беларусі. Я б хацеў, каб мы развіваліся ў гэтым накірунку, бо гэта тэхналогіі, гэта стандарты і г. д. 

„Але каб гэта стала рэальнасцю, неабходна скіроўваць і тую так званую эліту, якая сёння каля ўлады. Таму мы робім такія дыскусіі”, – кажа Анатоль Лябедьзка. Стараемся запрашаць на іх людзей розных поглядаў. Вось і ў гэтай дыскусіі ўдзельнічалі як дэпутат Палаты прадстаўнікоў Валер Варанецкі, так і дэпутат Еўрапарламенту, пастаянны дакладчык па Беларусі Пятрас Аўштравічус.

„Мы бачым, што іх пазіцыі розныя. Але нельга сказаць, што яны дыяметральна супрацьлеглыя. Усё ж зараз рыторыка прадстаўнікоў улады пачала крыху мяняцца. Яны ўжо не гавораць, што Беларусь не пойдзе за цывілізаваным светам”, – нагадвае Анатоль Лябедьзка.

„Адносіны Беларусі і ЕЗ пры сённяшняй беларускай уладзе дасягнулі максімуму і не будуць ні паляпшацца, ні пагаршацца ў бліжэйшы перыяд”, – лічыць палітолаг Валер Карбалевіч:

Думаю і паводле гэтай дыскусіі ды паводле адносін Беларусі і Еўразвяза можна зрабіць высновы, што вялікіх перамен у гэтых адносінах не адбудзецца, што сённяшняе стасус-кво захаваецца. Я не чакаю нейкага сур’ёзнага пагаршэння адносін, але таксама не чакаю сур’ёзнага паляпшэння. Бакі дасягнулі пэўнай столі ў адносінах і пакуль няма новага парадку дня, пра што цяпер можна гаварыць, каб ажыццявіць нейкі прарыў у адносінах.

„Фактар ціску з боку Расеі на Беларусь, які прымушаў беларускі бок звяртацца за падтрымкай да Захаду, а Захаду гэтую падтрымку абяцаць, таксама апошнім часам пачаў змяншацца”, – лічыць Валер Карбалевіч.

Бакі прыйшлі да высновы, што Беларусь адмаўляецца ад „паглыбленай інтэграцыі”, а Расея ў адказ рэзка скараціла эканамічную дапамогу. Можна казаць, што зараз адносіны больш менш высветліліся і кожная краіна займаецца сваімі справамі, вырашаючы свае ўласнымі праблемамі.

„Таму не думаю, што гэты чыннік зараз будзе моцна ўплываць на адносіны Беларусі і Захаду. Бо маштаб гэтага чынніку паступова змяншаецца”, – прагназуе Валер Карбалевіч.

Беларускае Радыё Рацыя, Менск