У Менску адбылося чарговае паседжанне Сойма Руху Салідарнасці “Разам”



16 чэрвеня 2018 года ў Менску адбылося чарговае паседжанне Сойма Руху Салідарнасці “Разам”.

Па першым пытанні аб правядзенні IV З’езду Руха Салідарнасці “Разам” выступілі Вячаслаў Сіўчык і Алена Талстая. Пасля абмеркавання дакладаў, у якім актыўны ўдзел прынялі Аляксей Марачкін,  Ігар Лялькоў, Мечыслаў Бурак, Алесь Шатэрнік, Генадзь Драздоў, Сяргей Мацкойць, было прынятае рашэнне Сойма аб правядзенні З’езда Руху 22 верасня, стварэнні рабочага аргкамітэта ў складзе 19 сябраў Руху ў асноўным  з Менску з правам кааптацыі прадстаўнікоў рэгіянальных і замежных структураў Руху. Старшыней аргкамітэту была прызначаная Алена Талстая. Месца правядзення З’езду і парадак дня было вырашана вызначыць на наступным паседжанні Сойма.

Наступнае пытанне было прысвечанае найбольш актуальнай тэме ў палітыцы Беларусі – абароне Курапатаў. Пасля грунтоўных дакладаў, з якімі выступілі Ігар Лялькоў, Валянціна Вяргей ды Генадзь Драздоў і абмеркавання іх, была прынятая заява “Рукі прэч ад Беларускага Нацыянальнага Некропаля ў Курапатах”.

Таксама былі абмеркаваныя іншыя пытанні. У выніку Сойм прыняў тры заявы: “Спыніць рэпрэсіі супраць беларускіх журналістаў!”, “Не – заводу АКБ пад Брэстам”, “Спыніць крымінальную справу супраць лідараў прафсаюза РЭП Генадзя Федыніча і Ігара Комліка”.

Былі анансаваныя бліжэйшыя акцыі Руха: 26 чэрвеня ў Радашковічах – “Астравецкі Шлях”, які ладзіцца разам з Беларускай партыяй “Зялёныя”, і пачнецца а 16:00 ля помніка Янкі Купалы, 27 чэрвеня- ушанаванне памяці Зыгмунта Серакоўскага, якое пачнецца на Лукішскай плошчы ў Вільні а 14:00, 29 чэрвеня адбудзецца традыцыйная акцыя ў Курапатах а 18:00.

 

ЗАЯВА

Сойма Руха Салідарнасці “Разам”

Рукі прэч ад Беларускага Нацыянальнага Нэкропалю ў Курапатах!

Сойм Руху Салідарнасьці “Разам” зь вялікім абурэньнем успрымае падзеі апошняга часу вакол Беларускага Нацыянальнага Нэкропалю, гісторыка-культурнай каштоўнасьці Рэспублікі Беларусь 1-й катэгорыі «Месца згубы ахвяраў палітычных рэпрэсіяў 30—40-х гадоў XX стагодзьдзя ва ўрочышчы Курапаты».

Пачатак працы забаўляльна-рэстарацыйнага комплексу “Поедем поедим” у непасрэднай блізкасьці ад апошняга прыстанішча вялікай колькасьці жыхароў Беларусі, закатаваных крывавым камуністычным рэжымам, на землях, якія яшчэ некалькі год таму ўваходзілі ў афіцыйна прызнаную дзяржавай ахоўную зону мэмарыялу, стаўся “смачным” пляўком у твар усім неабыякавым грамадзянам нашай краіны ад бязродных гандляроў і карумпаваных імі чыноўнікаў, для якіх “грошы – ня пахнуць”, а чалавечае сумленьне – пусты гук.

Амаль адначасовае, прынятае без аніякага абмеркаваньня ды ўзгадненьня з грамадзкасьцю, рашэньне дзяржаўнага “журы” аб усталяваньні на месцы народнага мэмарыялу ў Курапатах дзяржаўнага “памятнага знаку”, якое мае ажыцьцявіць лукашэнкаўская Фэдэрацыя прафсаюзаў Беларусі, сьведчыць пра тое, што цяперашнія ўлады рыхтуюцца да “канчатковага вырашэньня” “Курапацкага пытаньня”. Замест знакавага для ўсіх сумленных беларусаў месца пачатку нашага найноўшага Нацыянальнага Адраджэньня ды згубы ахвяраў камуністычнага рэжыму мусіць зьявіцца бязьлікае нэасавецкае “место памяти и скорби” з суседнім “кабаком пры дарозе”.

У сувязі з гэтым, Сойм Руху Салідарнасьці “Разам”:

– цалкам падтрымлівае акцыі пратэсту супраць функцыянаваньня ў Курапатах забаўляльна-рэстарацыйнага комплексу “Поедем поедим”, якія ладзяцца прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасьці Беларусі з 31.05.2018, і заклікае ўсіх сяброў і прыхільнікаў Руху далучацца да гэтых акцыяў;

– патрабуе спыніць пераслед абаронцаў Курапатаў і прыцягнуць да адказнасьці супрацоўнікаў МУС і іншых сілавых структураў, якія складалі адміністрацыйныя пратаколы на ўдзельнікаў абароны Курапатаў;

– патрабуе ад уладальніка будынкаў забаўляльна-рэстарацыйнага комплексу ў Курапатах, – СТАА “БелРэстІнвэст”, – і іх карыстальнікаў, –  ТАА “Амізбел”, – неадкладнага спыненьня забаўляльна-рэстарацыйнай дзейнасьці на гэтай тэрыторыі ды распачацьця перамоваў з прадстаўнікамі грамадзкасьці, датычна зносу гэтых будынкаў альбо  змяненьня іх  функцыянальнага празначэньня;

– даручае кіраўніцтву Руху Салідарнасьці “Разам” зьвярнуцца ў Генэральную пракуратуру Рэспублікі Беларусь з запытам аб праверцы законнасьці дзеяньняў службовых асобаў па пераглядзе ахоўных зонаў гісторыка-культурнай каштоўнасьці Рэспублікі Беларусь 1-й катэгорыі «Месца зьнішчэньня ахвяраў палітычных рэпрэсіяў 30—40-х гадоў XX стагодзьдзя ва ўрочышчы Курапаты» у 2014 г., а таксама аб выдзяленьні земляў пад будаўніцтва ў зацьверджаных дагэтуль ахоўных зонах у 2010 – 2013 г.г.;

– прапануе правядзеньне шырокага грамадзкага абмеркаваньня праектаў мэмарыялізацыі Курапатаў з удзелам прадстаўнікоў дзяржавы і грамадзкасьці, а да часу правядзеньня такога абмеркаваньня – адмовы ад усталяваньня на тэрыторыі народнага мэмарыялу “памятнага знаку”, адобранага дзяржаўным “журы”.

– лічыць, што створаны Нацыянальны Нэкропаль у Курапатах мусіць быць асновай для прапановаў па любому праекту мэмарыялізацыі;

Заклікаем беларускую і міжнародную грамадзкасьць да кампаніі салідарнасьці з абаронцамі Курапатаў!

Рукі прэч ад Курапатаў!

Жыве Беларусь!

Менск,

16.06.2018

***

ЗАЯВА

Сойма Руха Салідарнасці “Разам”

СПЫНІЦЬ РЭПРЭСІІ СУПРАЦЬ БЕЛАРУСКІХ ЖУРНАЛІСТАЎ!

            Рух Салідарнасці “Разам” лічыць факт вобшуку на кватэры кіраўніка інфармацыйнага агенцтва БелаПАН Алеся Ліпая і ўзбуджэнне супраць яго крымінальнай справы працягам палітыкі цяперашніх уладаў па пераследу незалежных журналістаў.

            Нагадаем, што новая хваля палітычных рэпрэсій, якая пачалася вясной 2016 года ва ўмовах “дыялога” рэжыму Лукашэнкі з еўрапейскімі структурамі, узмацніла ціск на незалежныя СМІ. І гэта разам з новымі палітычнымі крымінальнымі справамі, арыштамі “на суткі” лідараў і актывістаў беларускай апазіцыі засталося па-за ўвагай прадстаўнікоў заходніх дэмакратый. Выкарыстоўваючы гэта, цяперашнія ўлады яшчэ больш узмацнілі ціск, і не толькі на палітычную апазіцыю і незалежную журналістыку, але і на ўсіх грамадзянаў. Сведчаннем чаго з’явіліся шэраг новых нарматыўных актаў, такіх, як ужо адменены дэкрэт № 3 і прыняты яму на змену дэкрэт № 1, шматлікія факты міліцэйскага сваволля, шырокае ўжыванне карнай псіхіятрыі, накіраванне дзяцей з шматдзетных сем’яў у інтэрнаты.

            Лічым, што кантакты, перамовы і пэўная супраца між структурамі сённяшняй улады і еўраструктурамі магчымая і патрэбная. Але без пастаноўкі пытыння пра спыненне  палітычных рэпрэсій у нашай краіне гэты складаны працэс “дыялогу” будзе ўспрымацца прадстаўнікамі афіцыйнага Менску, як магчымасць і далей беспакарана парушаць беларускае і міжнароднае заканадаўства.

            Толькі тэрміновае і запозненае патрабаванне па акрэдытацыі “Белсат TV” і “Радыё Рацыя”, разблакаванне апазіцыйных сайтаў “Хартыя-97”, “Белпартызан”, БНК і іншых, спыненне палітычнага пераследу за допісы і відэа ў блогах і сацыяльных сетках, натуральна, разам з патрабаваннямі вызвалення палітвязняў, спынення палітычнага пераследу за грамадскую і прафсаюзную дзейнасць могуць уратаваць і апраўдаць цяпарашнюю палітыку Еўразвязу ў адносінах да Беларусі.

            Заклікаем беларускую і міжнародную грамадскасць да кампаніі салідарнасці з беларускімі журналістамі!

            Жыве Беларусь!

            16.06.2018 г.

г.Менск.

***

ЗАЯВА

Сойма Руха Салідарнасці “Разам”

СПЫНІЦЬ КРЫМІНАЛЬНУЮ СПРАВУ СУПРАЦЬ ЛІДАРАЎ ПРАФСАЮЗА РЭП

ГЕНАДЗЯ ФЕДЫНІЧА І ІГАРА КОМЛІКА!

            Рух Салідарнасці “Разам” выказвае свае абурэнне фактам перадачы ў суд справы лідараў прафсаюза РЭП і патрабуе ад уладаў спынення палітычнага пераследу ў адносінах да Генадзя Федыніча і Ігара Комліка.

            Рух Салідарнасці “Разам” падтрымлівае ініцыяваную Радай БНК акцыю салідарнасці з Генадзям Федынічам і Ігарам Комлікам 3 ліпеня ў Менску. Пачатак акцыі а 13-й гадзіне на скрыжаванні бульвара Талбухіна і праспекта Незалежнасці (станцыя метро “Парк Чалюскінцаў”).

            Будзьма разам на Акцыі вызвалення і салідарнасці!

            Салідарнасць – для салідарных!

            Жыве Беларусь!

            16.06.2018 г.

г.Менск

****

Прэс-група Руха Салідарнасці “Разам”.