У Менску адбыўся чарговы Сойм Партыі БНФ



У Менску адбыўся чарговы Сойм Партыі БНФ. Па словах кіраўніка партыі Рыгора Кастусёва, разглядалася шмат пытанняў, але адным з галоўных было пытанне пра палітычную сітуацыю.

„Мы далі грунтоўную ацэнку таму, што адбываецца ў Беларусі ў палітычным плане. І ў нас ёсць вялікія перасцярогі і хваляванні наконт таго, што Лукашэнка і надалей імкнецца працягваць здачу незалежнасці і суверэнітэту нашай краіны. 22-га лютага плануюцца вялікія перамовы з Пуціным”,  – нагадвае Рыгор Кастусёў:

– Мы мяркуем, што Аляксандр Лукашэнка хутчэй за ўсё пагадзіўся на падпісанне вось той 31-й сакрэтнай дарожнай мапы. Падпісанне гэтай дарожнай мапы цягне за сабой вельмі негатыўныя наступствы для Беларусі. Цалкам верагодна, што бліжэйшым часам будзе разглядацца пытанне пра прыняццё адзінай валюты – расейскай валюты на тэрыторыі Беларусі. Ёсць меркаванне, што разглядаюцца пытанні па размяшчэнні дзвюх вайсковых базаў Расейскай Федэрацыі на тэрыторыі Беларусі.

„Аляксандр Лукашэнка паехаў да Пуціна гандлявацца. Узамен на ўсё гэта, а дакладней, на значную частку суверэнітэту Беларусі, ён просіць чарговы крэдыт, каля 3 мільярдаў даляраў, а таксама адтэрміноўку па крэдытах за будаўніцтва Беларускай АЭС”, – кажа Рыгор Кастусёў.

Беларускае Радыё Рацыя