У Менску адбыўся сход дэпутатаў Вярхоўнага Савета 12 і 13 скліканняў



У Менску адбыўся сход дэпутатаў Вярхоўнага Савета 12 і 13 скліканняў, якія працавалі ў першыя гады незалежнасці Беларусі і стваралі заканадаўчы, юрыдычны падмурак суверэнітэту краіны. Таму іх досвед вельмі патрэбны і зараз.

Па словах палітыка, аднаго з ініцыятараў гэтага сходу і былога дэпутата абодвух парламентаў Анатоля Лябедзькі, добра, што дэпутаты сабраліся, але дрэнна, што зрабілі гэта занадта позна. Адметнасць гэтых дэпутатаў – легітымнасць, якая не вызывае сумневу. І такой легітымнасці няма ў пазнейшых дэпутатаў, якія былі не абраны, а прызначаны:

– Сённяшняя сітуацыя такая, што пры песімістычных сцэнарах развіцця падзей, мы можам звярнуцца зноў да гэтых людзей. Ну, напрыклад, калі ўлады Беларусі пачнуць здаваць суверэнітэт і незалежнасць Беларусі, то мы будзем шукаць людзей з гэтай легітымнасцю і структуры з легітымнасцю. І вось тут будзе ўзрастаць попыт на дэпутатаў Вярхоўнага Савета 12 і 13 скліканняў. Гэта моцны бок гэтага мерапрыемства.

Анатоль Лябедзька таксама адзначыў, што сход прыняў важнае рашэнне стварыць дэпутацкі клуб, які б аб’яднаў былых дэпутатаў, займаўся пастаяннай камунікацыяй паміж імі, выпрацоўваў новыя ідэі і праграмы дзеля краіны, дзеля людзей. Такія клубы існуюць шмат у якіх краінах, – сказаў Анатоль Лябедзька.

Беларускае Радыё Рацыя, Менск