У Менску адбыўся з’езд Беларускай сацыл-дэмакратычнай партыі (Грамада)
У Менску адбыўся чарговы 21-ы з’езд Беларускай сацыл-дэмакратычнай партыі (Грамада). Каля будынка, дзе ён праходзіў, былі заўважаныя супрацоўнікі АМАПу, але яны не перашкаджалі праводзіць мерапрыемства. Частка дэлегатаў была вымушана ўдзельнічаць ў працы па інтэрнет-сувязі. Некаторыя знаходзяцца за мяжой, некаторыя з-за пандэміі каронавірусу.
Кіраўніком партыі зноў абраны Ігар Барысаў. Абраныя таксама яго намеснікі, іншыя кіруючыя органы. Прычым галасаванне адбылося ў электронным фармаце, што значна паскорыла працэс.

Па словах Ігара Барысава, цяпер галоўнай задачай з’яўляецца захаваць партыю і працягваць працу дзеля Беларусі, нават у такіх складаных умовах:
– Мы, у прынцыпе, гэта робім, і працягнем працу ў гэтым напрамку таксама ў бліжэйшыя два гады. У нас моцны экспертна-аналітычны цэнтр, які займаецца распрацоўкай праектаў законаў. У нас легальны статус, які дазваляе вылучаць нашых кандыдатаў у дэпутаты з’езду, накіроўваць у склад выбарчых камісій. Гэта моцна спрашчае саму працэдуру, бо людзі ў гэтым выпадку могуць акцэнтавацца на вядзенні сваіх выбарчых кампаній.
“Таму рухаемся надалей, нягледзячы на ўсе цяжкасці і складанасці. У сакавіку партыі споўніцца 31 год. Яна існавала да таго, як Аляксандр Лукашэнка стаў прэзідэнтам, і спадзяюся, што будзе існаваць і пасля яго”, – сказаў Ігар Барысаў.
Цалкам матэрыял:
Беларускае Радыё Рацыя
